− 
 − 

НЕПРЫМЯНЕННЕ ТЭРМІНАЎ ДАЎНАСЦІ ПРЫ ЎЧЫНЕННІ ЗЛАЧЫНСТВАЎ СУПРАЦЬ МІРУ, БЯСПЕКІ ЧАЛАВЕЦТВА І ВАЕННЫХ ЗЛАЧЫНСТВАЎ З ПУНКТУ ГЛЕДЖАННЯ ПАЛАЖЭННЯЎ НОРМ МІЖНАРОДНАГА ПРАВА І ЗАКАНАДАЎСТВА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

СЯРГЕЙЧЫК А.М.,

ад’юнкт навукова-педагагічнага факультэта
Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь

 

Абгрунтоўваецца тэзіс аб неадпаведнасці нормам і прынцыпам міжнароднага права абсалютнай прававой забароны на прымяненне крымінальнага закона, які ўстанаўлівае злачыннасць дзеі, узмацняе пакаранне або іншым чынам пагаршае становішча асобы, якая ўчыніла гэтую дзею, у дачыненні да асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць міру, бяспекі чалавецтва або ваенныя злачынствы, да набыцця такім законам моцы. Прапануюцца адпаведныя змены ў беларускае заканадаўства.

 

The thesis of the international law norms and principles non-compliance with the absolute legal prohibition on application of the criminal law establishing the offense, increasing the penalty or otherwise worsening position of the person who committed the criminal offence in respect of persons who committed crimes against peace, humanity and war crimes before entry of this law into force is substantiated. Appropriate changes in the Belarusian legislation are proposed.

 

У адпаведнасці з ч. 1 арт. 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя) Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Аналагічнае палажэнне выкладзена ў ч. 1 арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь № 361-З «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» (далей – Закон аб нарматыўных прававых актах). Паводле ж ч. 2 арт. 20 названага закона «нормы права, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства, падлягаюць непасрэднаму прымяненню, акрамя выпадкаў, калі з міжнароднага дагавора вынікае, што для прымянення такіх норм патрабуецца прыняцце (выданне) унутрыдзяржаўнага нарматыўнага прававога акта, і маюць моц таго нарматыўнага прававога акта, якім выказана згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага міжнароднага дагавора».

БССР 7 студзеня 1969 г. падпісала Канвенцыю аб непрымянімасці тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва, прынятую рэзалюцыяй 2391 (XXIII) Генеральнай Асамблеі ААН 26 лістапада 1968 г. (далей – Канвенцыя 1968 г.), у адпаведнасці з палажэннямі арт. 1 якой ніякія тэрміны даўнасці не прымяняюцца да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва, «нават калі гэтыя дзеянні не ўяўляюць сабой парушэння ўнутранага заканадаўства той краіны, у якой яны былі ўчынены» (ч. B арт. 1 Канвенцыі 1968 г.).

У ч. «А» арт. 1 Канвенцыі 1968 г. пры пералічэнні злачынстваў, да якіх не прымяняюцца тэрміны даўнасці, незалежна ад часу іх учынення, маецца сярод іншага спасылка на Статут Нюрнбергскага трыбунала ад 8 жніўня 1945 г., у арт. 1 і 6 якога гаворыцца аб прыцягненні да адказнасці за ўчыненыя ваенныя злачынствы «галоўных ваенных злачынцаў краін восі», г. зн. асоб, якія ўчынілі пералічаныя ва ўказаным артыкуле злачынствы да падпісання дадзенага Статута і заснавання Нюрнбергскага трыбунала. Такім чынам, разглядаемая Канвенцыя, прымянімая да асоб, якія ўчынілі названыя ў ёй злачынствы да яе падпісання і набыцця моцы.

Зыходзячы з таго, што Канвенцыя 1968 г. была падпісана беларускім бокам і яе палажэнні ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 8 Канстытуцыі і арт. 20–22 Закона аб нарматыўных прававых актах былі імплементаваны ў арт. 85 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КК), сэнс апошняй варта тлумачыць наступным чынам: вызваленне ад крымінальнай адказнасці або пакарання ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўнасці не прымяняецца пры ўчыненні злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенных злачынстваў, у тым ліку і да асоб, якія ўчынілі гэтыя злачынныя дзеі да набыцця моцы адпаведным крымінальным законам.

Разам з тым паводле ч. 3 арт. 9 КК закон, які ўстанаўлівае злачыннасць дзеі, узмацняе пакаранне або іншым чынам пагаршае становішча асобы, якая ўчыніла гэтую дзею, зваротнай сілы не мае (іншымі словамі, не прымяняецца да асоб, якія ўчынілі такія дзеі да набыцця адпаведным законам моцы).

Дадзенае палажэнне ўваходзіць ў супярэчнасць з ч. «а» і «b» арт. 1 Канвенцыі 1968 г. і арт. 85 КК як яе заканадаўчай імплементацыі ў крымінальным законе Рэспублікі Беларусь пры разглядзе выпадкаў учынення злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенных злачынстваў да набыцця моцы адпаведным крымінальным законам, які з’яўляецца менш спрыяльным у параўнанні з папярэднім.

На міжнародным узроўні назапашаны багаты вопыт прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўчыненне падобных злачынстваў. Дастаткова згадаць Нюрнбергскі і Такійскі працэсы другой паловы 40-х гг. ХХ ст. або створаны пад эгідай ААН Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі.

Хаця на тэрыторыі БССР таксама праходзілі працэсы над асобамі, якія ўчынілі ваенныя злачынствы ў гады Другой сусветнай вайны (у прыватнасці, працэсы ў Мінску 15–29 студзеня 1946 г., Віцебску 29 лістапада – 31 снежня 1947 г. [1, с. 282] і інш.), у правапрымяняльнай практыцы незалежнай Рэспублікі Беларусь не было выпадкаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, якія ўчынілі пералічаныя ў арт. 85 КК злачынствы да набыцця моцы КК.

З-за адсутнасці канкрэтных прыкладаў змадэлюем падобную сітуацыю для Рэспублікі Беларусь.

Дапусцім, што беларускімі праваахоўнымі органамі будзе выяўлена асоба, якая па ўласнай ініцыятыве, не ўзгадняючы свае дзеянні з акупацыйнымі ўладамі, непасрэдна прымала ўдзел у знішчэнні габрэйскага насельніцтва на тэрыторыі БССР у гады Другой сусветнай вайны (напрыклад, у 1942 г.), кіруючыся асабістым непрыязным стаўленнем да названай этнічнай групы. Дзеянні дадзенай асобы трэба кваліфікаваць па арт. 127 КК як генацыд, вызваленне ад крымінальнай адказнасці за ўчыненне якога ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўнасці на падставе п. 3 арт. 85 КК не прымяняецца.

Аднак у адпаведнасці з ч. 1 арт. 9 КК злачыннасць і каральнасць дзеі вызначаюцца законам, які дзейнічаў падчас учынення гэтай дзеі. Закон жа, які ўстанаўлівае злачыннасць дзеі, узмацняе пакаранне або іншым чынам пагаршае становішча асобы, якая ўчыніла злачынства, да асоб, якія ўчынілі такую дзею да набыцця ім моцы, не прымяняецца (ч. 3 арт. 9 КК). Зыходзячы з выкладзенага, а таксама беручы пад увагу неабходнасць прымянення найбольш спрыяльнага крымінальнага закона (ч. 2, 4 арт. 9 КК), для вызначэння крымінальнага закона, які павінен быць прыменены ў дадзеным выпадку, неабходна правесці параўнаўчы аналіз прымянімых у дадзеным выпадку крымінальных законаў, якія дзейнічалі ў перыяд з 1942 г.

З пункту гледжання каральнасці дзеі найбольш спрыяльнымі для асобы, якая ўчыніла названае злачынства, будуць арт. 127 КК у частцы мінімальнай мяжы пакарання ў выгля дзе пазбаўлення волі і п. 1, 2 абз.4 Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 мая 1947 г. «Аб адмене смяротнага пакарання» (далей – Указ ад 26 мая 1947 г.) у частцы выключэння магчымасці прымянення смяротнага пакарання і пажыццёвага зняволення. Сапраўды, санкцыі ч. 2 арт. 214 Крымінальнага кодэкса 1928 г. (далей – КК 1928 г.) і п. 1 абз. 3 Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР № 39 ад 19 красавіка 1943 г. «Аб мерах пакарання для нямецка-фашысцкіх ліхадзеяў, вінаватых у забойствах і катаваньнях савецкага цывільнага насельніцтва і палонных чырвонаармейцаў, для шпіёнаў, здраднікаў радзімы з ліку савецкіх грамадзян і для іх памагатых» (далей – Указ ад 19 красавіка 1943 г.) безальтэрнатыўна прадугледжваюць смяротнае пакаранне (праз расстрэл і павешанне адпаведна); санкцыя ж арт. 100 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 г. (далей – КК 1960 г.) хоць і прадугледжвае альтэрнатыўна аналагічныя арт. 127 КК віды пакаранняў (пазбаўленне волі, пажыццёвае зняволенне і смяротнае пакаранне), мінімальная мяжа пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тут складае пятнаццаць гадоў, а ў адпаведнасці з санкцыяй арт. 127 – дзесяць гадоў, пры аднолькавай максімальнай мяжы – дваццаць пяць гадоў.

Што тычыць абмежаванняў для прызначэння смяротнага пакарання і пажыццёвага зняволення, то правядзенне параўнальнага аналізу на прадмет ступені спрыяльнасці адпаведных палажэнняў прыведзеных крымінальных законаў у нашым выпадку не мае сэнсу, бо ў адпаведнасці з п. 1 абз. 4 Указа ад 26 мая 1947 г., як ужо было адзначана, смяротнае пакаранне, хай і на непрацяглы час, цалкам адмянялася і, такім чынам, згодна з ч. 2, 4 арт. 9 КК дадзеныя віды пакарання ў разглядаемым выпадку не могуць быць прыменены.

З пункту гледжання тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці найбольш спрыяльным для асобы, якая ўчыніла злачынства, у нашым выпадку з’яўляецца п. «а» арт. 16 КК 1928 г., згодна з якім тэрмін крымінальнага пераследу за злачынствы, за якія суд мае права прызначыць пазбаўленне волі больш чым на пяць гадоў, складае дзесяць гадоў. Аналагічнае палажэнне маецца і ў п. 4 ч. 1 арт. 46 КК 1960 г., аднак у ч. 4 названага артыкула маецца агаворка аб магчымасці непрымянення тэрмінаў даўнасці да асобы, якая ўчыніла злачынства, за якое па закону можа быць прызначана смяротнае пакаранне. Што да дзеючага КК, то ў адпаведнасці з п. 3 арт. 85 тэрміны даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці ў разглядаемым выпадку не прымяняюцца. Ва Указе ад 19 красавіка 1943 г. магчымасць прымянення тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці зусім не прадугледжана. Іншымі словамі, у дадзеным выпадку ў адпаведнасці з ч. 1, 3 арт. 9 КК да асобы, якая ўчыніла злачынную дзею, павінен прымяняцца крымінальны закон часу ўчынення злачынства (п. «а» арт. 16 КК 1928 г.), бо пазнейшыя крымінальныя законы з’яўляюцца менш спрыяльнымі ў параўнанні з ім.

Падводзячы вынік вышэйсказанага, належыць канстатаваць відавочную калізію крымінальна-прававых норм, выкладзеных у арт. 9 і 85 КК.

Так, у адпаведнасці з палажэннямі ч. 1, 2 арт. 9 КК у разглядаемым выпадку дзеянні асобы павінны быць кваліфікаваны па арт. 127 КК, аднак, прымаючы пад увагу, што злачынная дзея была ўчынена ў 1942 г. і, такім чынам, у 1952 г. згодна з п. «а» арт. 16 КК 1928 г. тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці па дадзенай катэгорыі злачынстваў мінуў, названая асоба падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці.

У адпаведнасці з п. 3 арт. 85 КК да дадзенай асобы непрымянімыя тэрміны даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Іншымі словамі, прымяняючы ў першым выпадку палажэнні арт. 9 КК, а ў другім – палажэнні арт. 85 КК, мы прыходзім да розных прававых вынікаў: у першым выпадку асоба падлягае вызваленню ад крымінальнай адказнасці ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці, у другім – падлягае прыцягненню да крымінальнай адказнасці за ўчыненне злачынства супраць міру і бяспекі чалавецтва.

Такую сітуацыю нельга прызнаць дапушчальнай, бо тут гаворка ідзе не пра тэмпаральную калізію «старога» і «новага» крымінальнага закона, а пра калізіі адначасова дзеючых законаў.

У адпаведнасці з ч. 2 арт. 1 КК Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь «з’яўляецца адзіным крымінальным законам, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (вылучана – А.С.)». Новыя ж крымінальныя законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць, падлягаюць уключэнню ў КК. Разам з тым у адпаведнасці з ч. 3 арт. 1 КК «Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права».

Звернемся да Канстытуцыі. Як ужо адзначалася вышэй, у адпаведнасці з ч. 1 арт. 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. У дачыненні да КК адным з прыкладаў забеспячэння такой адпаведнасці з’яўляецца арт. 85 пра непрымяненне тэрмінаў даўнасці.

Разам з тым паводле ч. 6 арт. 104 Канстытуцыі закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян.

У дадзеным выпадку зноў жа пры выяўленні асобы, якая ўчыніла, напрыклад, ваеннае злачынства да набыцця моцы адпаведным крымінальным законам, незразумела, якое рашэнне паводле Канстытуцыі належыць прыняць: калі кіравацца палажэннямі ч. 1 арт. 8 Канстытуцыі, то неабходна згодна з арт. 85 КК прыцягнуць названую асобу да крымінальнай адказнасці па адпаведным артыкуле асаблівай часткі КК; калі ж кіравацца ч. 6 арт. 104 Канстытуцыі, то ў дадзеным выпадку неабходна згодна з арт. 9 КК прымяніць да асобы, якая ўчыніла злачынную дзею, найбольш спрыяльны крымінальны закон па прыкладзе таго, як гэта было праілюстравана вышэй.

У наяўнасці калізія норм, выкладзеных у ч. 1 арт. 8 і ч. 6 арт. 104 Канстытуцыі.

З пункту гледжання імплементацыі палажэнняў Канвенцыі 1968 г. прававую калізію можна прасачыць і ў палажэннях ч. 1 арт. 20 і арт. 67 Закона аб нарматыўных прававых актах.

З аднаго боку, беларускі заканадавец у арт. 67 Закона аб нарматыўных прававых актах дапускае прымяненне нарматыўных прававых актаў да адносін, якія ўзніклі да ўвядзення іх ў дзеянне, фактычна без якіх-небудзь абмежаванняў. Так, у адпаведнасці з ч. 1 арт. 67 названага Закона, «нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі да набыцця ім моцы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб, ці калі ў самім нарматыўным прававым акце або ў акце аб увядзенні яго ў дзеянне прама прадугледжваецца, што ён распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі да набыцця ім моцы (вылучана – А.С.)», што не ў поўнай меры адпавядае палажэнням, выкладзеным у арт. 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 г., і прама супярэчыць ч. 6 арт. 104 Канстытуцыі і ч. 2, 3 КК, на што звяртаў увагу, у прыватнасці, Р.А.Васілевіч [2, c. 49]. Тым не менш гэта палажэнне адпавядае ч. 1 арт. 20 Закона аб нарматыўных прававых актах у частцы прымянення крымінальнага закона ў дачыненні да асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенныя злачынствы да набыцця ім моцы.

Паводле ж ч. 2 арт. 67 Закона аб нарматыўных прававых актах «наданне зваротнай сілы нарматыўнаму прававому акту не дапускаецца, калі ён прадугледжвае ўвядзенне або ўзмацненне адказнасці грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб за дзеянні, якія на момант іх учынення не спараджалі названую адказнасць або спараджалі мякчэйшую адказнасць. Нарматыўныя прававыя акты, якія іншым чынам пагаршаюць становішча грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб (ускладаюць дадатковыя (павялічаныя) у параўнанні з раней існаваўшымі абавязкі або абмяжоўваюць у правах ці пазбаўляюць наяўных правоў), не маюць зваротнай сілы, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь». У адносінах да крымінальнага права тут гаворка ідзе пра забарону прымянення законаў, якія ўстанаўліваюць злачыннасць дзеі або ўзмацняюць пакаранне, у дачыненні да асоб, якія ўчынілі злачынныя дзеі да ўвядзення названых законаў у дзеянне, пры адначасовай дапушчальнасці прымянення да падобных асоб крымінальных законаў, якія іншым чынам пагаршаюць становішча асобы, што ўчыніла злачынства. Гэтыя палажэнні толькі часткова адпавядаюць ч. 6. арт. 104 Канстытуцыі і ч. 3. арт. 9 КК, дзе адназначна пастулюецца забарона на прымяненне менш спрыяльнага закона да адносін, якія ўзніклі да набыцця ім моцы. Больш за тое, ч. 2 арт. 67 Закона аб нарматыўных прававых актах супярэчыць палажэнням ч. 1 арт. 67 названага Закона, згодна з якой заканадавец і зусім можа абысці прыведзенае ў ч. 2 арт. 67 абмежаванне простым зазначэннем гэтага ў прымаемым нарматыўным прававым акце.

Так, ч. 2 арт. 67 Закона аб нарматыўных прававых актах калідуе і з палажэннямі ч. 1 арт. 20 Закона аб нарматыўных прававых актах у частцы прымянення крымінальнага закона да асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць міру, бяспекі чалавецтва або ваенныя злачынствы да набыцця ім моцы. Згодна з ч. 1 арт. 20 названага Закона палажэнням Канвенцыі 1968 г., а значыць, і арт. 85 КК у вышэйзгаданым выпадку павінен быць аддадзены прыярытэт. Паводле ж ч. 2 арт. 67 дадзенага Закона такі прыярытэт павінен быць аддадзены ч. 3 арт. 9 КК.

З выкладзенага вынікае, што абсалютную прававую забарону на прымяненне крымінальных законаў, якія ўстанаўліваюць злачыннасць дзеі, узмацняюць пакаранне або іншым чынам пагаршаюць становішча асобы, якая ўчыніла гэтую дзею, да асоб, якія ўчынілі злачынствы да набыцця такімі законамі моцы, нельга прызнаць у поўнай меры адпавядаючай агульнапрызнаным нормам і прынцыпам міжнароднага права. Падобная забарона ў выпадку прымянення законаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за ўчыненне злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва або ваенных злачынстваў, у дачыненні да асоб, якія ўчынілі гэтыя дзеі да ўвядзення дадзеных законаў у дзеянне, прыводзіць да калізій норм ч. 1 арт. 8 і ч. 6 арт. 104 Канстытуцыі, арт. 9 і 85 КК, а таксама арт. 67 Закона аб нарматыўных прававых актах.

Зыходзячы з гэтага, уяўляецца мэтазгодным выкласці:

ч. 6 арт. 104 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Закон не прымяняецца да адносін, якія ўзніклі да набыцця ім моцы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае, адмяняе адказнасць або іншым чынам паляпшае становішча грамадзян, а таксама выпадкаў учынення злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва або ваенных злачынстваў»;

арт. 67 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 г. № 361-З «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» у наступнай рэдакцыі: «Артыкул 67. Прымяненне нарматыўнага прававога акта да адносін, якія ўзніклі да набыцця ім моцы.

Нарматыўны прававы акт не прымяняецца да адносін, якія ўзніклі да набыцця ім моцы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае, адмяняе адказнасць або іншым чынам паляпшае становішча грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб, а таксама выпадкаў учынення злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва або ваенных злачынстваў»;

ч. 3 арт. 9 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Не падлягае прымяненню закон, які ўстанаўлівае злачыннасць дзеі, узмацняе пакаранне або іншым чынам пагаршае становішча асобы, якая ўчыніла гэтую дзею, да асоб, якія ўчынілі названую дзею да набыцця такім законам моцы, за выключэннем выпадкаў учынення злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва або ваенных злачынстваў».

 

СПІС ЦЫТАВАНЫХ КРЫНІЦ

 

1. Шарков, А. В. Витебский судебный процесс над нацистскими преступниками / А. В. Шарков // Победа – одна на всех : материалы Междунар. науч.-практ. конф., Витебск, 24 апр., 2014 г. / Витеб. гос. ун-т ; редкол.: А. А. Коваленя (отв. ред.) [и др.]. – Витебск, 2014. – С. 280–285.

2. Василевич, Г. А. Конституция Республики Беларусь : науч.-практ. коммент. / Г. А. Василевич. – Минск : Право и экономика, 2000. – 488 с.

 

Дата поступления в редакцию: 21.02.2017