− 
 − 

Аб прававой прыродзе актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у сувязі з магчымым увядзеннем інстытута канстытуцыйнай скаргі

М.У.Сільчанка,

загадчык кафедры тэорыі дзяржавы і права Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, доктар юрыдычных навук, прафесар

 

1. Індывідуальная канстытуцыйная скарга – адзін з састаўных элементаў механізма абароны правоў і свабод асобы і грамадзяніна. На нацыянальным узроўні асновы гэтага механізма замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, канкрэтызаваны і дапоўнены ў шэрагу нарматыўных прававых актаў самай рознай юрыдычнай сілы: ад законаў, дырэктыў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта краіны да лакальных нарматыўных актаў. Удасканальванне дадзенага механізма мае заканамерны характар, але яно павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Асноўным Законам.

2. Аналіз духу і літары Канстытуцыі не дае ні прамых, ні ўскосных падстаў для ўвядзення ў нашай краіне непасрэднай індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі. Уносіць змяненні ў Асноўны Закон у мэтах дапаўнення механізма абароны правоў і свабод асобы і грамадзяніна гэтым элементам немэтазгодна таму, што, па-першае, існуючы механізм абароны правоў і свабод асобы і грамадзяніна ў Рэспубліцы Беларусь не вычарпаў свайго патэнцыялу і, па-другое, дапаўненне дадзенага механізма непасрэднай індывідуальнай канстытуцыйнай скаргай не здольна істотна ўзмацніць яго эфектыўнасць.

3. Разам з тым, існуючы ў Рэспубліцы Беларусь механізм абароны правоў і свабод асобы і грамадзяніна можа быць дапоўнены ўскоснай індывідуальнай канстытуцыйнай скаргай. Прычым нацыянальная мадэль механізма абароны правоў і свабод змяшчае ўсе неабходныя яго элементы. Праблема з індывідуальнай канстытуцыйнай скаргай у нашай дзяржаве, такім чынам, зводзіцца да неабходнасці звядзення ўсіх наяўных элементаў апасродкаванай індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі ў адзінае цэлае, надання ім сістэмнасці і фарміравання дадзенага інстытута цалкам. Шэраг прапаноў па разглядаемай праблематыцы, выказаных аўтарам раней [1; 2], захоўваюць сваю актуальнасць і ў цяперашні час.

Не ўдаючыся падрабязна ў разгляд усіх элементаў ускоснай канстытуцыйнай скаргі, замацаваных ў Канстытуцыі, разгледзім толькі адну праблему – прававую прыроду акта, які павінен быць вынесены Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыйны Суд) па выніках яе разгляду на пасяджэнне Канстытуцыйнага Суда ва ўстаноўленым парадку.

4. Згодна з арт. 116 Асноўнага Закона Канстытуцыйны Суд па выніках разгляду справы аб адпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі дае заключэнне. Хаця практыка функцыяніравання Канстытуцыйнага Суда сведчыць аб тым, што ён прымае акты і з іншай назвай (у іншай форме), перакананы ў тым, што ў выпадку ўвядзення ў нашай краіне інстытута ўскоснай індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі выніковы акт Канстытуцыйнага Суда можа прымацца і толькі ў форме заключэння.

Па вялікаму рахунку ўвесь нацыянальны механізм ускоснай індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі патрэбна фарміраваць, зыходзячы з прававой прыроды заключэння Канстытуцыйнага Суда і абапіраючыся менавіта на дадзены ключавы элемент, а ўсе астатнія элементы павінны быць дастасаваны да яго.

5. У беларускай юрыдычнай навуцы выказана меркаванне аб тым, што рашэнне Канстытуцыйнага Суда ў выпадку ўвядзення інстытута канстытуцыйнай скаргі можна будзе разглядаць у якасці самастойнай і асобнай крыніцы права – прававога прэцэдэнта. З такім падыходам пагадзіцца нельга.

Па-першае, Канстытуцыйны Суд, хаця і ўваходзіць у склад судовай улады дзяржавы, але з’яўляецца спецыфічнай судовай інстанцыяй, якая мае зусім іншае ў адрозненне ад судоў агульнай і гаспадарчай кампетэнцыі прызначэнне. З улікам асобай палітыка-прававой прыроды Канстытуцыйнага Суда ён не можа прымаць акты, якія б былі непасрэдна скіраваны на стварэнне «новага права». Прызначэнне гэтага органа зводзіцца перш за ўсё да захоўвання дзеючага права адпаведнымі для яго палітыка-прававой прыроды прававымі сродкамі і метадамі.

Па-другое, усе нарматыўныя акты вышэйшых судовых інстанцый Рэспублікі Беларусь складаюць самастойную групу нарматыўных актаў, якія з’яўляюцца мадыфікаванымі крыніцамі права [3] і істотна адрозніваюцца ад такіх крыніц права, як нарматыўны прававы акт, прававы звычай, прававы прэцэдэнт і г.д. Яны несумненна маюць дачыненне да крыніц права, але іх месца і роля ў нашай прававой сістэме істотна адрозніваюцца як ад асноўных, так і дадатковых крыніц нацыянальнага беларускага права, у склад якіх і ўваходзіць прававы прэцэдэнт.

Крыніцы

1. Сільчанка, М.У. Праблемы забеспячэння сістэмнасці судовай улады ў Рэспубліцы Беларусь / М.У.Сільчанка / Конституционное правосудие в Республике Беларусь: пятилетний опыт, проблемы и перспективы: Сб. докл. и тез. выст. – Минск, 1999. – С. 66–69.

2. Сільчанка, М.У. Аб удакладненні месца і ўзмацненні ролі Канстытуцыйнага Суда ў сістэме судовай улады Рэспублікі Беларусь // М.У.Сільчанка // Весн. Канстытуц. Суда Рэсп. Беларусь. – 1999. – № 3. – С. 65–69.

3. Сільчанка, М.У. Акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц сучаснага беларускага права / М.У.Сільчанка // Весн. Канстытуц. Суда Рэсп. Беларусь. – 2006. – № 4. – С. 51–63.