− 
 − 

Рамачнае пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей*

Набыло моц 15 студзеня 2010 года

__________________________

*Ратифицировано Законом Республики Беларусь от 9 ноября 2009 г. «Аб ратыфiкацыi Рамачнага пагаднення памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i Камiсiяй Еўрапейскiх супольнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2009 г., № 277, 2/1613).

 

Урад Рэспублікі Беларусь, які далей называецца «Урад», што дзейнічае ад імя Рэспублікі Беларусь, з аднаго боку,

і Камісія Еўрапейскіх супольнасцей, якая далей называецца «Камісія», што дзейнічае ад імя Еўрапейскай супольнасці, якая далей называецца «Супольнасць», з другога боку,

якія разам называюцца «Бакі»,

прымаючы да ўвагі, што

Рэспубліка Беларусь мае права выступаць атрымальнікам знешняга садзейнічання, якое фінансуецца Супольнасцю, што прадугледжана ў адпаведных рэгламентах,

садзейнічанне можа стаць асновай для падпісання Урадам і Камісіяй пагаднення аб фінансаванні ў мэтах ажыццяўлення запланаванай дзейнасці,

павінны быць закладзены тэхнічныя, прававыя і адміністрацыйныя асновы ажыццяўлення дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь,

пагадзіліся аб ніжэйпададзеным:

Артыкул 1
Мэта Рамачнага пагаднення

1.1. Дадзенае Рамачнае пагадненне замяняе Агульныя правілы, якія прымяняюцца да Мемарандума аб фінансаванні, падпісаныя Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей 10 мая 1994 года.

1.2. У дадзеным Рамачным пагадненні выкладзены падрабязныя палажэнні адносна правілаў, што прымяняюцца для ажыццяўлення дзейнасці, якая цалкам або часткова фінансуецца Супольнасцю, асабліва ў дачыненні да замежнай валюты, падаткаў, збораў (пошлін) і мытных плацяжоў.

1.3. Дадзенае Рамачнае пагадненне таксама прымяняецца ў адносінах да дзейнасці, якая фінансуецца Супольнасцю і па свайму характару не ахоплена канкрэтным пагадненнем аб фінансаванні, але ажыццяўляецца на падставе запыту Урада або ўзгоднена Бакамі ў іншай форме.

Артыкул 2
Валютныя дамоўленасці

2.1. У мэтах ажыццяўлення дзейнасці адпаведныя органы Рэспублікі Беларусь абавязваюцца выдаваць дазвол на ўвоз і на набыццё замежнай валюты без дыскрымінацыі ў дачыненні да краін, якія маюць на гэта права, з выкананнем умоў па дэклараванню валюты, якія ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

2.2. Адпаведныя органы даюць экспертам у камандзіроўках і членам іх сем’яў неабходны дазвол на ўвоз і захоўванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь замежнай валюты на працягу ўсяго тэрміну ажыццяўлення імі дзейнасці з выкананнем умоў па дэклараванню валюты, якія ўстаноўлены Урадам.

2.3. Прыкамандзіраваныя эксперты і члены іх сем’яў таксама будуць мець права вывозіць любыя нерасходаваныя сумы ў валюце ў межах тых сум, якія былі ўвезены на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3
Падаткаабкладанне і мытныя працэдуры

Дзейнасць, якая цалкам або часткова фінансуецца Супольнасцю, не абкладаецца падаткамі, зборамі (пошлінамі), мытнымі плацяжамі, а таксама любымі іншымі эквівалентнымі зборамі. У прыватнасці:

3.1. Любыя тавары, якія ўвозяцца ў мэтах ажыццяўлення дзейнасці, што фінансуецца Супольнасцю, за выключэннем тавараў, якія забаронены або абмежаваны да ўвозу на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, не абкладаюцца мытнымі і імпартнымі пошлінамі, падаткамі, зборамі (пошлінамі) і іншымі эквівалентнымі зборамі, што збіраюцца ў Рэспубліцы Беларусь.

3.2. Па просьбе Супольнасці Урад забяспечвае своечасовую выдачу тавараў, што ўвозяцца, у мытным пункце ўвозу для дастаўкі атрымальніку ў мэтах нармальнага выканання кантракта.

3.3. Кантракты, што фінансуюцца Супольнасцю, не абкладаюцца падаткам на дабаўленую вартасць, акцызамі, рэгістрацыйнымі (дзяржаўнымі) пошлінамі або іншымі эквівалентнымі зборамі, якія збіраюцца ў Рэспубліцы Беларусь, як дзеючымі, так і ўстаноўленымі ў будучым, незалежна ад таго, заключаны кантракт з асобамі з Рэспублікі Беларусь ці з іншых краін.

3.4. Кантракты на пастаўку тавараў, якія вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь, заключаюцца на падставе чыстага кошту без падатку на дабаўленую вартасць. Тэрмін «тавары» азначае маёмасць, тавары, работу, паслугі і/ці правы, якія пастаўляюцца (выконваюцца), набываюцца і/ці прадаюцца для рэалізацыі праектаў, што фінансуюцца Супольнасцю ў межах дадзенага Пагаднення.

3.5. Па ўсіх кантрактах, што фінансуюцца Супольнасцю, падрадчыкі і іх супрацоўнікі, уключаючы грамадзян Рэспублікі Беларусь або асоб, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, вызваляюцца ад усіх падаткаў, збораў і абавязковых плацяжоў, якія збіраюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, уключаючы выплаты на сацыяльнае забеспячэнне, падаткі на прадпрымальніцкую дзейнасць і на прыбытак.

3.6. Асабістая і сямейная маёмасць, уключаючы харчовыя тавары, якія ўвозяцца для асабістага спажывання фізічнымі асобамі, нанятымі па кантрактах, што фінансуюцца Супольнасцю, вызваляюцца ад імпартных пошлін, мытных пошлін і іншых эквівалентных плацяжоў, якія збіраюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Дадзенае палажэнне не мае дачынення да грамадзян Рэспублікі Беларусь або да асоб, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

3.7. Дазваляецца бяспошлінны ўвоз на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь аднаго механічнага транспартнага сродку на сям’ю пры ўмове выкарыстання дадзенага транспартнага сродку толькі ў перыяд дзеяння адпаведнага кантракта і вывазу яго пасля заканчэння гэтага перыяду. Эксперты і члены іх сем’яў маюць права на атрыманне вадзіцельскіх пасведчанняў на падставе пасведчанняў, якія яны ўжо маюць.

3.8. У выпадку парушэння Урадам палажэнняў артыкула 3 знешняе садзейнічанне Супольнасці можа быць прыпынена.

Артыкул 4
Супрацоўніцтва і кансультацыі паміж Бакамі

4.1. Урад прымае ўсе неабходныя меры для забеспячэння належнага выканання дадзенага Рамачнага пагаднення.

4.2. Урад прадстаўляе Камісіі ўсю інфармацыю адносна прымянення дадзенага Рамачнага пагаднення.

4.3. Любыя пытанні, што датычацца выканання або тлумачэння дадзенага Рамачнага пагаднення, з’яўляюцца прадметам кансультацый паміж Бакамі, па выніках якіх пры неабходнасці ў Рамачнае пагадненне ўносяцца пісьмовыя папраўкі.

Артыкул 5
Урэгуляванне спрэчак

5.1. Усе спрэчкі паміж Бакамі, якія вынікаюць з/або ў сувязі з выкананнем дадзенага Рамачнага пагаднення, а таксама пытанні, што ўзнікаюць па яго тлумачэнню, вырашаюцца шляхам кансультацый і перагавораў паміж Бакамі.

5.2. Рознагалоссі, якія не ўрэгуляваны пры дапамозе перагавораў на працягу разумнага тэрміну, павінны вырашацца шляхам арбітражу ў адпаведнасці з Факультатыўнай працэдурай арбітражу Пастаяннай палаты трацейскага суда для разгляду спрэчак з удзелам міжнародных арганізацый і дзяржаў трыма арбітрамі, што прызначаюцца ў адпаведнасці з вызначанай працэдурай.

Артыкул 6
Уступленне ў сілу, прыпыненне і спыненне дзеяння Рамачнага пагаднення

6.1. Дадзенае Рамачнае пагадненне ўступае ў сілу з даты паведамлення, якое пацвярджае выкананне Урадам унутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для яго ўступлення ў сілу. Палажэнні дадзенага Рамачнага пагаднення часова прымяняюцца з даты яго падпісання абодвума Бакамі ў частцы, у якой яны не супярэчаць дзеючаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

6.2. У выпадку невыканання адпаведнымі органамі абавязкаў, якія прадугледжаны Рамачным пагадненнем, і пры адсутнасці своечасовых мер па выпраўленню парушэння любы з Бакоў мае права прыпыніць або спыніць выкананне пагадненняў аб фінансаванні.

6.3. Любы Бок пасля адпаведных кансультацый можа спыніць дзеянне дадзенага Рамачнага пагаднення, накіраваўшы за шэсць месяцаў другому Боку адпаведнае паведамленне.

6.4. У выпадку прыпынення або спынення дзеяння дадзенае Рамачнае пагадненне павінна прымяняцца ў адносінах да дзеючых абавязацельстваў, прынятых па ўжо падпісаных пагадненнях аб фінансаванні.

Артыкул 7
Папраўкі

Любыя папраўкі да дадзенага Рамачнага пагаднення павінны быць унесены ў пісьмовай форме і заключацца шляхам абмену лістамі паміж Бакамі.

Артыкул 8
Мова

Дадзенае Рамачнае пагадненне складзена ў двух сапраўдных экзэмплярах на беларускай і англійскай мовах. У выпадку разыходжанняў у тлумачэнні пераважную сілу мае тэкст на англійскай мове.

Здзейсненаў ў горадзе Мінску 18 снежня 2008 года.

 

За Урад Рэспублікі Беларусь

За Камісію Еўрапейскіх супольнасцей

Андрэй Кабякоў
Намеснік Прэм’ер-міністра

Маркус Карнара
Дырэктар Бюро тэхнічнай дапамогі
Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей

ПРАТАКОЛ
па пытанню аб тлумачэнні паняццяў, тэрмінаў і вызначэнняў, якія выкарыстаны ў Рамачным пагадненні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей*

______________________________

*Знаходзіцца ў сіле з дня падпісання.

Прымаючы да ўвагі частку 2 артыкула 31 Венскай канвенцыі аб праве дагавораў паміж дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ці паміж міжнароднымі арганізацыямі ад 21 сакавіка 1986 года, Дагаворныя Бакі ў ходзе перагавораў па падрыхтоўцы праекта Рамачнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей (далей – Рамачнае пагадненне) пагадзіліся аб наступным разуменні палажэнняў Рамачнага пагаднення.

Прэамбула і артыкул 1

Дагаворныя Бакі зыходзяць з таго, што змест тэрміна «знешняе садзейнічанне» і «дзейнасць, якая цалкам або часткова фінансуецца Супольнасцю» вызначаецца пры падпісанні канкрэтнага пагаднення аб фінансаванні і з’яўляецца прадметам адабрэння Урада Рэспублікі Беларусь і Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей.

Знешняе садзейнічанне, а таксама дзейнасць, якая цалкам або часткова фінансуецца Еўрапейскімі супольнасцямі, павінна быць вызначана ў пагадненнях аб фінансаванні, якія заключаюцца Урадам і Камісіяй. Такое садзейнічанне і дзейнасць, якая фінансуецца Супольнасцю, называюцца Рэспублікай Беларусь міжнароднай тэхнічнай дапамогай у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Паняцце «пагадненне аб фінансаванні», на думку Дагаворных Бакоў, абазначае пагадненне паміж Камісіяй, якая дзейнічае ад імя Еўрапейскіх супольнасцей, і атрымальнікам – Урадам Рэспублікі Беларусь.

Дагаворныя Бакі могуць дамовіцца аб любых іншых спосабах або формах, якія адрозніваюцца ад пагаднення аб фінансаванні, для зацвярджэння знешняга садзейнічання.

Артыкул 2

Дагаворныя Бакі зыходзяць з разумення таго, што прыкамандзіраваныя эксперты і члены іх сем’яў, за выключэннем грамадзян Рэспублікі Беларусь або асоб, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, могуць увозіць і захоўваць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь замежную валюту на працягу ўсяго тэрміну ажыццяўлення імі дзейнасці з захаваннем умоў па дэклараванню валюты, якія ўстаноўлены Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3

Механізм вызвалення ад падаткаабкладання дзейнасці, якая цалкам або часткова фінансуецца Супольнасцю, як гэта абумоўлена Рамачным пагадненнем, вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Дагаворныя Бакі разумеюць пад тэрмінам «кантракты, якія фінансуюцца Супольнасцю» дакументы, падпісаныя ў мэтах рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якія будуць адобраны Урадам Рэспублікі Беларусь і зарэгістраваны адпаведна з дзеючымі ў Рэспубліцы Беларусь працэдурамі.

У пункце 3.1 артыкула 3 Рамачнага пагаднення пад паняццем «мытныя і імпартныя пошліны, падаткі, зборы (пошліны) і іншыя эквівалентныя зборы, якія збіраюцца ў Рэспубліцы Беларусь» разумеюцца мытныя плацяжы, уключаючы зборы за мытнае афармленне.

Нічога ў дадзеным Пратаколе не можа разглядацца як супярэчнае палажэнням Рамачнага пагаднення.

Дадзены Пратакол падпісаны выключна з мэтай тлумачэння.

Дадзены Пратакол складзены ў двух сапраўдных экзэмплярах на беларускай і англійскай мовах. У выпадку разыходжанняў у тлумачэнні пераважную сілу мае тэкст на англійскай мове.

Здзейснена ў горадзе Мінску 18 снежня 2008 года.

 

За Урад Рэспублікі Беларусь

За Камісію Еўрапейскіх супольнасцей

Андрэй Кабякоў
Намеснік Прэм’ер-міністра

Маркус Карнара
Дырэктар Бюро тэхнічнай дапамогі
Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей