− 
 − 

Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Славацкай Рэспублікі аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах*

Уступіла ў сілу 14 студзеня 2000 года

__________________________

*Ратифицировано Законом Республики Беларусь от 6 декабря 1999 г. «О ратификации Соглашения между Правительством Республики Беларусь и Правительством Словацкой Республики о сотрудничестве и взаимной помощи в таможенных делах» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2000 г., № 2, 2/111), (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 2000 г., № 20-21, ст.257).

 

Урад Рэспублікі Беларусь і Урад Славацкай Рэспублікі (у далейшым – Дагаворныя Бакі),

зыходзячы з таго, што парушэнні мытнага заканадаўства наносяць страту эканамічным, падатковым, сацыяльным і гандлёвым інтарэсам іх краін,

прымаючы пад увагу, што незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў уяўляе небяспеку для здароўя грамадзян і грамадства,

улічваючы важнасць забеспячэння дакладнага налічэння мытных пошлін, падаткаў і іншых плацяжоў, якія спаганяюцца пры ўвозе ці вывазе тавараў, належнага выканання ўмоў забароны, абмежавання, а таксама кантролю за імпартам і экспартам тавараў,

лічачы, што намаганні па прадухіленню парушэнняў мытнага заканадаўства і забеспячэнню правільнага спагнання мытных пошлін, падаткаў і іншых плацяжоў могуць стаць больш эфектыўнымі, дзякуючы супрацоўніцтву паміж іх мытнымі службамі,

прымаючы пад увагу Рэкамендацыю Савета Мытнага Супрацоўніцтва аб узаемнай адміністрацыйнай дапамозе ад 5 снежня 1953 года, а таксама палажэнні Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб барацьбе супраць незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў ад 20 снежня 1988 года,

дамовіліся аб ніжэйпададзеным:

Артыкул 1
Азначэнні

Азначэнні, якія выкарыстоўваюцца ў дадзеным Пагадненні, азначаюць:

мытнае заканадаўства – сукупнасць законаў і іншых нарматыўна-прававых актаў дзяржаў Дагаворных Бакоў, выкананне якіх забяспечваецца мытнымі службамі, адносна ўвозу, вывазу і транзіту тавараў, або спагнання мытных пошлін, падаткаў і іншых плацяжоў, або мер па забароне, абмежаванню ці кантролю пры імпарце ці экспарце тавараў;

парушэнне мытнага заканадаўства – любое парушэнне ці замах на парушэнне мытнага заканадаўства;

кантралюемая пастаўка – метад, пры якім дапускаецца ўвоз, вываз ці транзіт уключаных у незаконны абарот або выклікаючых падазрэнне ў гэтым наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў або замяняючых іх рэчываў і іншых незаконна перамяшчаемых тавараў, прадметаў і рэчываў з ведама і пад кантролем адпаведных кампетэнтных органаў у мэтах выяўлення асоб, якія ўдзельнічаюць у такім незаконным абароце;

мытны орган:

у Рэспубліцы Беларусь – Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь;

у Славацкай Рэспубліцы – Мытны дырэктарат Славацкай Рэспублікі;

запытваючы мытны орган – мытны орган Дагаворнага Боку, які запытвае аб садзейнічанні ў мытных справах;

запытваемы мытны орган – мытны орган Дагаворнага Боку, які атрымаў запыт аб садзейнічанні ў мытных справах.

Артыкул 2
Сфера дзеяння Пагаднення

1. Дагаворныя Бакі праз свае мытныя органы ў адпаведнасці з палажэннямі дадзенага Пагаднення:

а) пацвярджаюць сваю прыхільнасць да спрашчэння законнага перамяшчэння тавараў і фізічных асоб праз мытную мяжу і па ўзаемнай дамоўленасці паміж мытнымі органамі будуць прымаць меры па ўдасканальванню мытных тэхналогій, метадаў і працэдур для дасягнення гэтай мэты;

б) аказваюць узаемнае садзейнічанне ў прадухіленні і расследаванні парушэнняў мытнага заканадаўства;

в) па запыту аказваюць узаемнае садзейнічанне ў перадачы інфармацыі для расследавання парушэнняў мытнага заканадаўства;

г) прымаюць меры для ажыццяўлення супрацоўніцтва ў галіне даследавання, распрацоўкі і выпрабавання новых мытных працэдур, навучання кадраў, абмену спецыялістамі, а таксама па іншых пытаннях, якія могуць патрабаваць іх сумесных дзеянняў;

д) імкнуцца да гарманізацыі, уніфікацыі і ўдасканальвання мытных тэхналогій і працэдур.

2. Садзейнічанне, якое прадугледжана ў падпунктах «б» і «в» пункта 1 дадзенага артыкула, можа быць аказана ў мэтах выкарыстання ў судовых, адміністрацыйных ці іншых разборах, звязаных з парушэннем мытнага заканадаўства.

3. Садзейнічанне ў рамках дадзенага Пагаднення будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы запытваемага мытнага органа і ў межах яго кампетэнцыі і магчымасцей.

4. Палажэнні дадзенага Пагаднення не будуць вытлумачаны такім чынам, што іх прымяненне абмяжуе практыку аказання ўзаемнай дапамогі, якая існуе ў гэты час паміж Дагаворнымі Бакамі.

Артыкул 3
Формы супрацоўніцтва і ўзаемнай дапамогі

1. Мытныя органы па ўласнай ініцыятыве або па запыту перадаюць адзін аднаму ўсю неабходную інфармацыю згодна з палажэннямі дадзенага Пагаднення.

2. Мытныя органы:

абменьваюцца вопытам адносна іх дзейнасці і інфармацыяй аб новых сродках і спосабах учынення парушэнняў мытнага заканадаўства;

інфармуюць адзін аднаго аб істотных зменах у мытным заканадаўстве дзяржаў Дагаворных Бакоў, аб тэхнічных сродках кантролю, што прымяняюцца імі, і метадах іх выкарыстання, а таксама абмяркоўваюць іншыя пытанні, якія выклікаюць узаемны інтарэс.

Артыкул 4
Кантроль за асобамі, таварамі і транспартнымі сродкамі

Мытны орган аднаго Дагаворнага Боку па ўласнай ініцыятыве або па запыту мытнага органа другога Дагаворнага Боку будзе ажыццяўляць кантроль за:

перамяшчэннямі, у прыватнасці, уездам на тэрыторыю яго дзяржавы і выездам з яе асоб, аб якіх вядома або якія падазраюцца ва ўчыненні парушэнняў мытнага заканадаўства дзяржавы другога Дагаворнага Боку;

перамяшчэннямі тавараў, што азначаны запытваючым мытным органам другога Дагаворнага Боку ў якасці тавараў, якія вядуць да значнага незаконнага перамяшчэння на тэрыторыю яго дзяржавы ці з тэрыторыі дзяржавы або выклікаюць падазрэнне ў гэтым;

любымі транспартнымі сродкамі, аб якіх вядома, што яны выкарыстоўваюцца ў мэтах парушэння мытнага заканадаўства, дзеючага на тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку, або ў адносінах да якіх ёсць падазрэнне ў гэтым;

месцамі, што выкарыстоўваюцца для складзіравання тавараў, якія могуць стаць прадметам незаконнага ўвозу на тэрыторыю дзяржавы другога Дагаворнага Боку.

Артыкул 5
Кантралюемая пастаўка

1. Мытныя службы па ўзаемнай згодзе і дамоўленасці могуць выкарыстоўваць метад кантралюемай пастаўкі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў ці рэчываў, што замяняюць іх, а таксама іншых тавараў і прадметаў, якія незаконна перамяшчаюцца, у мэтах выяўлення асоб, далучаных да незаконнага абароту.

2. Незаконныя партыі, кантралюемыя пастаўкі якіх ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі, са згоды абодвух мытных органаў Дагаворных Бакоў могуць быць перахоплены і пакінуты для далейшай перавозкі з захаваннем ці канфіскацыяй, поўнай ці частковай заменай незаконнай партыі.

3. Рашэнні аб выкарыстанні кантралюемых паставак прымаюцца ў кожным асобным выпадку і могуць пры неабходнасці ўлічваць дамоўленасці па фінансавых пытаннях і парадак іх ажыццяўлення.

Артыкул 6
Барацьба з незаконным абаротам тавараў, якія маюць асабліва важнае значэнне

Мытныя органы па ўласнай ініцыятыве ці па запыту неадкладна перадаюць адзін аднаму ўсю неабходную інфармацыю аб устаноўленых дзеяннях, якія рыхтуюцца ці здзейснены, што парушаюць або могуць парушыць мытнае заканадаўства, дзеючае на тэрыторыі дзяржавы аднаго з Дагаворных Бакоў, у галіне перамяшчэння:

зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад;

прадметаў старадаўнасці і мастацтва, якія маюць значную гістарычную, мастацкую ці археалагічную каштоўнасць для аднаго з Дагаворных Бакоў;

атрутных рэчываў, а таксама рэчываў, якія ўяўляюць небяспеку для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей;

тавараў, якія абкладаюцца высокімі мытнымі пошлінамі ці падаткамі;

тавараў, якія маюць асабліва важнае значэнне і падвяргаюцца нетарыфным абмежаванням у адпаведнасці з пералікамі, узгодненымі абодвума мытнымі органамі.

Артыкул 7
Перадача інфармацыі

1. Мытныя органы перадаюць адзін аднаму па ўласнай ініцыятыве ці па запыту ўсю інфармацыю, якая можа дапамагчы ў забеспячэнні:

спагнання мытнымі органамі мытных пошлін, падаткаў і іншых плацяжоў, у прыватнасці, інфармацыю, якая можа дапамагчы ў ацэнцы мытнай вартасці тавараў і ўстанаўленні іх тарыфнай класіфікацыі;

выканання забарон і абмежаванняў па ўвозу, вывазу і транзіту тавараў ці вызвалення ад мытных пошлін, падаткаў і іншых плацяжоў;

прымянення нацыянальных правіл паходжання тавараў.

2. У выпадку, калі запытваемы мытны орган не мае неабходнай інфармацыі, ён прыме меры для атрымання гэтай інфармацыі, дзейнічаючы ад уласнага імя ў адпаведнасці са сваім нацыянальным заканадаўствам.

Артыкул 8
Інфармацыя аб перамяшчэнні тавараў

Мытныя органы па ўласнай ініцыятыве або па запыту перадаюць адзін аднаму наступную інфармацыю:

ці былі тавары, увезеныя на тэрыторыю дзяржавы запытваючага Дагаворнага Боку, законным чынам вывезены з тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку;

ці былі тавары, вывезеныя з тэрыторыі дзяржавы запытваючага Дагаворнага Боку, законным чынам увезены на тэрыторыю дзяржавы другога Дагаворнага Боку.

Артыкул 9
Іншая інфармацыя

Мытны орган аднаго Дагаворнага Боку па ўласнай ініцыятыве або па запыту перадае мытнаму органу другога Дагаворнага Боку ўсю інфармацыю, якая можа быць выкарыстана ім у сувязі з парушэннямі мытнага заканадаўства, дзеючага на тэрыторыі дзяржавы гэтага Дагаворнага Боку, у прыватнасці, інфармацыю, якая датычыць:

фізічных і юрыдычных асоб, аб якіх вядома, што яны парушылі мытнае заканадаўства, дзеючае на тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку, ці ў адносінах да якіх ёсць падазрэнні ў гэтым;

тавараў, якія вядомы як прадмет значнага незаконнага перамяшчэння або выклікаюць падазрэнне ў гэтым;

транспартных сродкаў, аб якіх вядома, што яны выкарыстоўваюцца пры парушэннях мытнага заканадаўства, дзеючага на тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку, або ў адносінах да якіх ёсць падазрэнні ў гэтым.

Артыкул 10
Дакументы

1. Мытны орган аднаго Дагаворнага Боку па ўласнай ініцыятыве або па запыту перадае мытнаму органу другога Дагаворнага Боку дакументы, паказанні сведкаў ці завераныя копіі дакументаў, якія змяшчаюць усю наяўную інфармацыю аб дзеяннях, што рыхтуюцца ці ўчынены і прыводзяць або могуць прывесці да парушэння мытнага заканадаўства дзяржавы другога Дагаворнага Боку.

2. Дакументы, прадугледжаныя дадзеным Пагадненнем, для тых жа мэт можна перадаваць у выглядзе электроннай інфармацыі, падрыхтаванай у любой прымальнай форме. Адначасова павінны быць перададзены ўсе звязаныя з гэтым матэрыялы, неабходныя для тлумачэння або выкарыстання гэтай інфармацыі.

3. Арыгіналы дакументаў можна запытваць толькі ў выпадках, калі перадачы завераных копій недастаткова.

4. Арыгіналы дакументаў, якія атрыманы ад мытнага органа аднаго Дагаворнага Боку, павінны вяртацца мытным органам другога Дагаворнага Боку пры першай магчымасці.

Артыкул 11
Выкарыстанне інфармацыі і дакументаў

1. Інфармацыя, дакументы і іншыя звесткі, атрыманыя ў адпаведнасці з дадзеным Пагадненнем, выкарыстоўваюцца толькі для мэт, вызначаных у дадзеным Пагадненні. Яны могуць быць перададзены ці выкарыстаны для любых іншых мэт толькі з пісьмовай згоды мытнага органа, які перадаў гэтыя дакументы.

2. Палажэнні пункта 1 дадзенага артыкула не прымяняюцца ў адносінах да інфармацыі аб парушэннях, якія тычацца наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Такая інфармацыя можа быць перададзена іншым ведамствам, якія непасрэдна займаюцца барацьбой з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

3. Мытныя органы могуць у адпаведнасці з мэтамі і ў межах дадзенага Пагаднення выкарыстоўваць інфармацыю і дакументы, атрыманыя на падставе дадзенага Пагаднення, у якасці доказу ў ходзе разгляду судовых і адміністрацыйных спраў. Выкарыстанне такой інфармацыі і дакументаў у якасці доказу пры судовых і адміністрацыйных разборах вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржаў Дагаворных Бакоў.

Артыкул 12
Канфідэнцыяльнасць інфармацыі

Запытам, інфармацыі, актам экспертызы і іншым звесткам, перададзеным у адпаведнасці з дадзеным Пагадненнем мытнаму органу аднаго з Дагаворных Бакоў у якой бы то ні было форме, забяспечваецца мытным органам, які іх атрымаў, такі ж рэжым канфідэнцыяльнасці, што існуе ў яго краіне для ўласнай інфармацыі аналагічнага характару і зместу ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

Артыкул 13
Расследаванні

1. Пры атрыманні запыту мытнага органа аднаго Дагаворнага Боку мытны орган другога Дагаворнага Боку праводзіць афіцыйныя расследаванні ў адносінах да дзеянняў, якія супярэчаць або могуць супярэчыць мытнаму заканадаўству, дзеючаму на тэрыторыі дзяржавы запытваючага мытнага органа. Вынікі такіх расследаванняў перадаюцца запытваючаму мытнаму органу.

2. Расследаванні, азначаныя ў пункце 1 дадзенага артыкула, праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, дзеючым на тэрыторыі дзяржавы запытваемага мытнага органа.

Артыкул 14
Прысутнасць службовых асоб пры правядзенні расследавання

1. Службовыя асобы мытнага органа аднаго Дагаворнага Боку ў асобных выпадках са згоды мытнага органа другога Дагаворнага Боку могуць знаходзіцца на тэрыторыі дзяржавы апошняга і прысутнічаць пры расследаванні парушэнняў мытнага заканадаўства, дзеючага на тэрыторыі дзяржавы запытваючага мытнага органа.

2. Калі ў выпадках, прадугледжаных дадзеным Пагадненнем, службовыя асобы мытнага органа аднаго Дагаворнага Боку знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы другога Дагаворнага Боку, яны павінны мець і магчы прадставіць у любы час доказ сваіх афіцыйных паўнамоцтваў. Гэтыя асобы не павінны быць апранутымі ў форменнае адзенне і не маюць права мець пры сабе зброю.

Артыкул 15
Эксперты і сведкі

У выпадку запыту судовых ці іншых кампетэнтных органаў аднаго Дагаворнага Боку ў сувязі з разглядам імі парушэнняў мытнага заканадаўства мытны орган другога Дагаворнага Боку можа ўпаўнаважыць сваіх службовых асоб выступіць у якасці экспертаў ці сведкаў у гэтых судовых або кампетэнтных органах. Гэтыя службовыя асобы даюць паказанні па фактах, якія ўстаноўлены імі пры выкананні сваіх службовых абавязкаў. Запыт павінен змяшчаць дакладныя даныя аб сутнасці справы і ў якой якасці павінна выступаць службовая асоба.

Артыкул 16
Выключэнні з абавязкаў па аказанню садзейнічання

1. У тых выпадках, калі мытны орган аднаго Дагаворнага Боку лічыць, што выкананне запыту можа нанесці страту суверэнітэту, бяспецы, грамадскаму парадку ці любым іншым інтарэсам дзяржавы гэтага Дагаворнага Боку, ён можа цалкам або часткова адмовіць у садзейнічанні, прадугледжаным дадзеным Пагадненнем, або аказаць яго пры выкананні пэўных умоў ці патрабаванняў.

2. Калі ў садзейнічанні адмоўлена, то рашэнне аб адмаўленні з указаннем прычыны павінна быць у пісьмовай форме неадкладна даведзена да ведама запытваючага мытнага органа.

3. Калі мытны орган аднаго з Дагаворных Бакоў звяртаецца за садзейнічаннем, якое не змог бы аказаць сам, у сваім запыце ён адзначае гэты факт. Выкананне такога запыту перадаецца на меркаванне запытваемага мытнага органа.

Артыкул 17
Форма і змест запыту аб дапамозе

1. Запыт, зроблены на падставе дадзенага Пагаднення, павінен перадавацца ў пісьмовай форме з прадастаўленнем дакументаў, якія неабходны для яго выканання. У выключных выпадках можа быць прыняты вусны запыт, аднак ён павінен быць неадкладна пацверджаны ў пісьмовай форме.

2. Запыт, зроблены на падставе пункта 1 дадзенага артыкула, павінен змяшчаць наступныя звесткі:

назва запытваючага мытнага органа;

від разбору;

мэта і прычына запыту;

нарматыўна-прававыя акты, маючыя адносіны да справы;

дакладныя і вычарпальныя звесткі аб фізічных і юрыдычных асобах, якія з'яўляюцца аб'ектам расследавання;

сціслае апісанне абставін, маючых адносіны да справы.

3. Запыт павінен быць зроблены на афіцыйнай мове дзяржавы запытваемага мытнага органа ці на іншай мове, прымальнай для запытваемага і запытваючага мытных органаў.

Артыкул 18
Тэхнічная дапамога

Мытныя органы аказваюць адзін аднаму тэхнічную дапамогу ў галіне мытнай справы, якая ўключае:

абмен візітамі супрацоўнікаў мытных службаў у мэтах азнаямлення з тэхнічнымі сродкамі, якія выкарыстоўваюцца абедзвюма мытнымі службамі;

навучанне і дапамога ва ўдасканальванні спецыяльных навыкаў супрацоўнікаў мытных службаў;

абмен інфармацыяй і вопытам у выкарыстанні тэхнічных сродкаў кантролю;

абмен візітамі экспертаў па мытных пытаннях;

абмен прафесійнымі, навуковымі і тэхнічнымі звесткамі, якія тычацца мытнага заканадаўства.

Артыкул 19
Выдаткі

1. Усе выдаткі, звязаныя з выкананнем запыту ў адпаведнасці з дадзеным Пагадненнем, нясе запытваемы мытны орган.

2. Пакрыццё іншых выдаткаў, звязаных з выкананнем дадзенага Пагаднення, можа быць прадметам асобнай дамоўленасці паміж мытнымі органамі.

Артыкул 20
Рэалізацыя Пагаднення

1. Садзейнічанне, прадугледжанае дадзеным Пагадненнем, ажыццяўляецца непасрэдна мытнымі органамі. Гэтыя органы будуць узгадняць канкрэтныя мерапрыемствы, неабходныя для яго рэалізацыі.

2. Мытныя органы могуць прадугледзець устанаўленне прамых каналаў сувязі паміж іх падраздзяленнямі па барацьбе з кантрабандай і парушэннямі мытных правіл.

Артыкул 21
Тэрытарыяльнае дзеянне Пагаднення

Дадзенае Пагадненне дзейнічае на мытных тэрыторыях Рэспублікі Беларусь і Славацкай Рэспублікі.

Артыкул 22
Уступленне ў сілу і спыненне дзеяння Пагаднення

1. Дадзенае Пагадненне ўступае ў сілу на трыццаты дзень з даты атрымання апошняга пісьмовага паведамлення па дыпламатычных каналах аб выкананні Дагаворнымі Бакамі ўсіх унутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для яго ўступлення ў сілу.

2. Дадзенае Пагадненне заключана на неакрэслены тэрмін. Кожны з Дагаворных Бакоў можа спыніць дзеянне дадзенага Пагаднення шляхам пісьмовага паведамлення другому Дагаворнаму Боку. Дзеянне гэтага Пагаднення будзе спынена праз шэсць месяцаў з даты атрымання паведамлення аб спыненні дзеяння дадзенага Пагаднення другім Дагаворным Бокам.

Артыкул 23
Перагляд Пагаднення

У дадзенае Пагадненне могуць уносіцца змяненні і дапаўненні па ўзаемнай згодзе Дагаворных Бакоў. Усе змяненні і дапаўненні павінны быць здзейснены ў пісьмовай форме. Усе змяненні і дапаўненні складуць неад'емную частку дадзенага Пагаднення і ўступяць у сілу ў адпаведнасці з парадкам, устаноўленым у пункце 1 артыкула 22 дадзенага Пагаднення.

Здзейснена ў г. Браціславе 22 сакавіка 1999 года ў двух аўтэнтычных экзэмплярах на беларускай і славацкай мовах, кожны з якіх мае аднолькавую сілу.

 

За Урад Рэспублікі Беларусь

 

За Урад Славацкай Рэспублікі

 

Подпіс

 

 

Подпіс