− 
 − 


Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні выдачы віз

ПАГАДНЕННЕ

ПАМІЖ РЭСПУБЛІКАЙ БЕЛАРУСЬ І ЕЎРАПЕЙСКІМ САЮЗАМ АБ СПРАШЧЭННІ ВЫДАЧЫ ВІЗ

 

СПОРАЗУМЕНИЕ

МЕЖДУ РЕПУБЛИКА БЕЛАРУС И ЕВРОПЕЙСКИЯ СЪЮЗ ЗА ОБЛЕКЧАВАНЕ НА ВИЗОВИЯ РЕЖИМ

 

ACUERDO

ENTRE LA REPÚBLICA DE BIELORRUSIA Y LA UNIÓN EUROPEA SOBRE LA FACILITACIÓN DE LA EXPEDICIÓN DE VISADOS

 

DOHODA

MEZI BĔLORUSKOU REPUBLIKOU A EVROPSKOU UNIÍ О USNADNĔNÍ UDĔLOVÁNÍ VÍZ

 

AFTALE

MELLEM REPUBLIKKEN HVIDERUSLAND OG DEN EUROPÆISKE UNION OM LEMPELSE AF REGLERNE FOR UDSTEDELSE AF VISA

 

ABKOMMEN

ZWISCHEN DER REPUBLIK BELARUS UND DER EUROPÄISCHEN UNION ZUR ERLEICHTERUNG DER VISAERTEILUNG

 

VALGEVENE VABARIIGI JA EUROOPA LIIDU VAHELINE VIISADE VÄLJASTAMISE LIHTSUSTAMISE LEPING

 

ΣYMФΩNIA

METAΞY THΣ ΔHMOKPATIAΣ THΣ ΛEYKOPΩΣIAΣ KAI THΣ ЕYРΩПАÏКНΣ ENΩΣHΣ ΣXETIKA ME THN AПΛOYΣTEYΣH THΣ EKΔOΣHΣ ΘEΩPHΣEΩN

 

AGREEMENT

BETWEEN THE REPUBLIC OF BELARUS AND THE EUROPEAN UNION ON THE FACILITATION OF THE ISSUANCE OF VISAS

 

ACCORD

ENTRE LA RÉPUBLIQUE DE BIÉLORUSSIE ET L'UNION EUROPÉENNE VISANT À FACILITER LA DÉLIVRANCE DE VISAS

 

SPORAZUM

IZMEÐU REPUBLIKE BJELARUSA I EUROPSKE UNIJE О POJEDNOSTAVLJENJU IZDAVANJA VIZA

 

ACCORDO

TRA LA REPUBBLICA DI BIELORUSSIA E L'UNIONE EUROPEA RELATIVO ALLA FACILITAZIONE DEL RILASCIO DEI VISTI

 

NOLĪGUMS

STARP BALTKRIEVIJAS REPUBLIKU UN EIROPAS SAVIENĪBU PAR VĪZU ATVIEGLOTU IZSNIEGŠANU

 

BALTARUSIJOS RESPUBLIKOS IR EUROPOS SĄJUNGOS SUSITARIMAS DĖL VIZŲ IŠDAVIMO TVARKOS SUPAPRASTINIMO

 

MEGÁLLAPODÁS

AZ A BELARUSZ KÖZTÁRSASÁG KÖZÖTT ÉS EURÓPAI UNIÓ A VÍZUMOK KIADÁSÁNAK MEGKÖNNYÍTÉSÉRŐL

 

FTEHIM

BEJN R-REPUBBLIKA TAL-BELARUSSJA U L-UNJONI EWROPEA DWAR IL-FAĊILITAZZJONI TAL-ĦRUĠ ТА' VIŻI

 

UMOWA

MIĘDZY REPUBLIKĄ BIAŁORUSI A UNIĄ EUROPEJSKĄ О UŁATWIENIACH W WYDAWANIU WIZ

 

ACORDO

ENTRE A REPÚBLICA DA BIELORRÚSSIA E A UNIÃO EUROPEIA SOBRE A FACILITAÇÃO DA EMISSÃO DE VISTOS

 

ACORD

ÎNTRE REPUBLICA BELARUS ŞI UNIUNEA EUROPEANĂ PRIVIND FACILITAREA ELIBERĂRII VIZELOR

 

DOHODA

MEDZI BIELORUSKOU REPUBLIKOU A EURÓPSKOU ÚNIOU О ZJEDNODUŠENÍ UDEĽOVANIA VÍZ

 

SPORAZUM

MED REPUBLIKO BELORUSIJO IN EVROPSKO UNIJO О POENOSTAVITVI IZDAJANJA VIZUMOV

 

VALKO-VENÄJÄN TASAVALLAN JA EUROOPAN UNIONIN VÄLINEN SOPIMUS VIISUMIEN MYÖNTÄMISEN HELPOTTAMISESTA

 

AVTAL

MELLAN REPUBLIKEN VITRYSSLAND OCH EUROPEISKA UNIONEN OM FÖRENKLAT VISERINGSFÖRFARANDE

 

Рэспубліка Беларусь (далей – Беларусь) і Еўрапейскі саюз (далей – Саюз), далей названыя – Бакі,

жадаючы спрыяць развіццю кантактаў паміж людзьмі, што з’яўляецца важнай умовай устойлівага развіцця эканамічных, гуманітарных, культурных, навуковых і іншых сувязей, шляхам спрашчэння выдачы віз грамадзянам Беларусі і Саюза на аснове ўзаемнасці;

прызнаючы, што спрашчэнне выдачы віз не павінна прывесці да нерэгулярнай міграцыі, і надаючы асаблівую ўвагу пытанням бяспекі і рэадмісіі;

прымаючы да ўвагі фундаментальныя прынцыпы, якія кіруюць узаемадзеяннем паміж Бакамі, а таксама абавязацельствы і абавязкі, у тым ліку павагу да правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў, вынікаючых з адпаведных міжнародных дакументаў, што прымяняюцца да іх;

улічваючы Пратакол аб пазіцыі Аб’яднанага Каралеўства і Ірландыі ў дачыненні да галіны свабоды, бяспекі і правасуддзя і Пратакол аб інтэграцыі Шэнгенскіх пагадненняў у рамках Еўрапейскага саюза, дададзеныя да Дагавора аб Еўрапейскім саюзе і Дагавора аб функцыянаванні Еўрапейскага саюза, і пацвярджаючы, што палажэнні гэтага Пагаднення не прымяняюцца да Аб’яднанага Каралеўства і Ірландыі;

улічваючы Пратакол аб пазіцыі Даніі, дададзены да Дагавора аб Еўрапейскім саюзе і Дагавора аб функцыянаванні Еўрапейскага саюза, і пацвярджаючы, што палажэнні гэтага Пагаднення не прымяняюцца да Каралеўства Даніі,

дамовіліся аб ніжэйпададзеным:

Артыкул 1
Мэта і сфера прымянення

Мэтай гэтага Пагаднення з’яўляецца спрашчэнне на аснове ўзаемнасці выдачы віз для знаходжання на мяркуемы тэрмін, але не больш за 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд, для грамадзян Беларусі і Саюза.

Артыкул 2
Агульныя палажэнні

1. Візавыя спрашчэнні, прадугледжаныя гэтым Пагадненнем, прымяняюцца да грамадзян Беларусі і Саюза толькі ў той ступені, у якой яны не вызваляюцца ад абавязку атрымання віз адпаведна заканадаўству Беларусі, Саюза ці дзяржаў-членаў, гэтаму Пагадненню або іншым міжнародным пагадненням.

2. Да пытанняў, якія не рэгулююцца палажэннямі гэтага Пагаднення, такіх як адмова ў выдачы візы, прызнанне праязных дакументаў, пацвярджэнне дастатковасці сродкаў для існавання і адмова ва ўездзе ці высылка, прымяняецца нацыянальнае заканадаўства Беларусі або дзяржаў-членаў ці заканадаўства Саюза.

Артыкул 3
Вызначэнні

Для мэтаў гэтага Пагаднення:

a) дзяржава-член – любая дзяржава – член Саюза, за выключэннем Каралеўства Даніі, Ірландыі і Аб’яднанага Каралеўства;

b) грамадзянін Саюза – грамадзянін дзяржавы-члена, як гэта вызначана ў пункце а);

c) грамадзянін Беларусі – грамадзянін Рэспублікі Беларусь;

d) віза – дазвол, выдадзены Беларуссю або дзяржавай-членам з мэтай транзіту ці ўезду для мяркуемага знаходжання на працягу не больш за 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд на тэрыторыі дзяржавы-члена або Беларусі;

e) асоба, якая пражывае на законных падставах, абазначае:

– для Беларусі – грамадзянін Саюза, якому дазволена ці які мае права знаходзіцца больш за 90 дзён на тэрыторыі Беларусі ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі;

– для Саюза – грамадзянін Беларусі, якому дазволена ці які мае права знаходзіцца больш за 90 дзён на тэрыторыі дзяржавы-члена ў адпаведнасці з заканадаўствам Саюза ці нацыянальным заканадаўствам;

f) праязны дакумент ЕС – дакумент, выдадзены Саюзам вызначаным службоўцам устаноў Саюза ў адпаведнасці з Рэгламентам Савета (ЕС) № 1417/2013.

Артыкул 4
Дакументальнае сведчанне адносна мэты паездкі

1. Для ніжэйпададзеных катэгорый грамадзян Беларусі і Саюза наяўнасць наступных дакументаў з’яўляецца дастатковай, каб пацвердзіць мэту паездкі на тэрыторыю другога Боку:

а) для членаў афіцыйных дэлегацый, уключаючы пастаянных членаў гэтых дэлегацый, якія па афіцыйнаму запрашэнню, адрасаванаму Беларусі, дзяржаве-члену або Саюзу, прымаюць удзел у афіцыйных сустрэчах, кансультацыях, перагаворах або праграмах абмену, а таксама ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі або адной з дзяржаў-членаў міжурадавымі арганізацыямі:

– ліст, выдадзены кампетэнтным органам Беларусі, дзяржавы-члена або Саюза, які пацвярджае, што заяўнік з’яўляецца членам яго адпаведнай дэлегацыі або пастаянным членам яго дэлегацыі, які накіроўваецца на тэрыторыю другога Боку для ўдзелу ў вышэйназваных мерапрыемствах, дапоўнены копіяй афіцыйнага запрашэння;

b) для блізкіх сваякоў – мужа, жонкі, дзяцей, бацькоў і асоб, якія выконваюць бацькоўскія абавязкі, дзядуляў, бабуляў, унукаў і ўнучак, наведваючых грамадзян Беларусі, якія легальна пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-членаў, або грамадзян Саюза, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-членаў, грамадзянамі якіх яны з’яўляюцца, а таксама грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, або грамадзян Саюза, якія легальна пражываюць на тэрыторыі Беларусі:

– пісьмовае хадайніцтва ад прымаючай асобы;

c) для прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў дзелавых арганізацый:

– пісьмовае хадайніцтва прымаючай юрыдычнай асобы або кампаніі, арганізацыі, ці прадстаўніцтва, ці філіяла гэтай юрыдычнай асобы або кампаніі, дзяржаўнага або мясцовага органа ўлады Беларусі або адной з дзяржаў-членаў, альбо арганізацыйных камітэтаў гандлёвых і прамысловых выстаў, канферэнцый, сімпозіумаў, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі або адной з дзяржаў-членаў, упаўнаважаных на іх правядзенне кампетэнтнымі ўладамі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам;

d) для вадзіцеляў, якія аказваюць паслугі па ажыццяўленні міжнародных грузавых і пасажырскіх перавозак паміж тэрыторыямі Беларусі і дзяржаў-членаў на транспартных сродках, зарэгістраваных у дзяржавах-членах або Беларусі:

– пісьмовае хадайніцтва нацыянальнай кампаніі ці асацыяцыі (саюзу) перавозчыкаў Беларусі або нацыянальных асацыяцый перавозчыкаў дзяржаў-членаў, якія забяспечваюць міжнародныя аўтадарожныя перавозкі, з указаннем мэты, маршруту, працягласці і частаты здзяйснення паездак;

e) для членаў цягніковых, рэфрыжэратарных і лакаматыўных брыгад у міжнародных цягніках, якія рухаюцца па тэрыторыях Беларусі і дзяржаў-членаў:

– пісьмовае хадайніцтва адпаведнай арганізацыі або кампаніі чыгуначнага транспарту Беларусі ці адной з дзяржаў-членаў з указаннем мэты, працягласці і частаты здзяйснення паездак;

f) для журналістаў і членаў груп тэхнічнай падтрымкі, якія суправаджаюць іх з мэтай выканання прафесійных абавязкаў:

– пасведчанне або іншы дакумент, выдадзены прафесійнай арганізацыяй або работадаўцам заяўніка, які пацвярджае, што адпаведная асоба з’яўляецца прафесійным журналістам, мэта паездкі якога – выкананне журналісцкай працы, або пацвярджае, што адпаведная асоба з’яўляецца членам групы тэхнічнай падтрымкі і суправаджае журналіста з мэтай выканання сваіх прафесійных абавязкаў;

g) для асоб, якія ўдзельнічаюць у навуковай, навучальнай (датычыцца ВНУ), культурнай або творчай дзейнасці, у тым ліку ва ўніверсітэцкіх і іншых праграмах абмену:

– пісьмовае хадайніцтва прымаючай арганізацыі аб удзеле ў такой дзейнасці;

h) для школьнікаў, студэнтаў, аспірантаў і суправаджаючых іх выкладчыкаў, якія накіроўваюцца на вучобу або вучэбную стажыроўку, у тым ліку ў рамках праграм абмену або іншай дзейнасці, якая адносіцца да навучання:

– пісьмовае хадайніцтва або пасведчанне аб залічэнні ад прымаючага ўніверсітэта, акадэміі, інстытута, каледжа або школы ці студэнцкі білет або пасведчанне курсаў, якія будуць наведвацца;

і) для ўдзельнікаў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў і асоб, якія суправаджаюць іх з мэтай выканання сваіх прафесійных абавязкаў:

– пісьмовае хадайніцтва прымаючай арганізацыі – кампетэнтных органаў, нацыянальных спартыўных федэрацый Беларусі або дзяржаў-членаў ці Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі або нацыянальных алімпійскіх камітэтаў дзяржаў-членаў;

j) для ўдзельнікаў афіцыйных праграм абмену, арганізаваных пародненымі гарадамі або іншымі муніцыпальнымі адзінкамі:

– пісьмовае хадайніцтва кіраўнікоў адміністрацый/мэраў такіх гарадоў або муніцыпальных адзінак;

k) для асоб, якія наведваюць вайсковыя або грамадзянскія месцы пахаванняў:

– афіцыйны дакумент, які пацвярджае наяўнасць і захаванасць магілы, а таксама дакумент, які пацвярджае сямейную або іншую сувязь паміж заяўнікам і пахаваным;

l) для асоб, якія накіроўваюцца на пахаванне сваякоў:

– афіцыйны дакумент, які пацвярджае факт смерці, а таксама дакумент, які пацвярджае сваяцтва або іншую сувязь паміж заяўнікам і памерлым;

m) для асоб, якія накіроўваюцца з медыцынскімі мэтамі, і неабходных суправаджаючых іх асоб:

– афіцыйны дакумент медыцынскай установы, які пацвярджае неабходнасць медыцынскага абслугоўвання ў гэтай установе, неабходнасць суправаджэння і доказ наяўнасці дастатковых фінансавых сродкаў для аплаты медыцынскага абслугоўвання;

n) для адпаведнага профілю ўдзельнікаў міжнародных выстаў, канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў і іншых падобных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі або дзяржаў-членаў:

– пісьмовае хадайніцтва прымаючай арганізацыі, якое пацвярджае ўдзел у мерапрыемстве адпаведнай асобы;

o) для прадстаўнікоў арганізацый грамадскай супольнасці, якія едуць з мэтай удзелу ў адукацыйных трэнінгах, семінарах, канферэнцыях, у тым ліку ў тых, якія адбываюцца ў рамках праграм абмену:

– пісьмовае хадайніцтва прымаючай арганізацыі, пацвярджэнне, што асоба з’яўляецца прадстаўніком арганізацыі грамадзянскай супольнасці і пасведчанне аб рэгістрацыі гэтай арганізацыі з адпаведнага рэгістра, выдадзенае кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам;

р) для ўдзельнікаў афіцыйных праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС паміж Беларуссю і Саюзам:

– пісьмовае хадайніцтва прымаючай арганізацыі.

2. Пісьмовыя хадайніцтвы, згаданыя ў пункце 1 гэтага артыкула, павінны змяшчаць наступныя звесткі:

a) для запрошанай асобы – імя і прозвішча, дата нараджэння, пол, грамадзянства, нумар пашпарта, тэрмін і мэта паездкі, колькасць уездаў і, калі неабходна, імёны непаўналетніх дзяцей, якія накіроўваюцца разам з запрошанай асобай;

b) для запрашаючай асобы – імя, прозвішча і адрас;

c) для запрашаючай юрыдычнай асобы, кампаніі або арганізацыі – поўная назва і адрас, а таксама:

– імя і пасада асобы, якая падпісала хадайніцтва, – калі хадайніцтва зыходзіць ад арганізацыі або дзяржаўнай установы,

– рэгістрацыйны нумар, як таго патрабуе нацыянальнае заканадаўства Беларусі або адпаведнай дзяржавы-члена, – калі запрашаючая асоба з’яўляецца юрыдычнай асобай ці кампаніяй або прадстаўніцтвам ці філіялам гэтай юрыдычнай асобы ці кампаніі, зарэгістраванымі на тэрыторыі Беларусі ці дзяржавы-члена.

3. Для катэгорый асоб, згаданых у пункце 1 гэтага артыкула, візы ўсіх катэгорый выдаюцца ў адпаведнасці са спрошчанай працэдурай без патрабавання якога-небудзь іншага пацвярджэння, запрашэння або абгрунтавання мэты паездкі, прадугледжанага заканадаўствам Бакоў.

Артыкул 5
Выдача шматразовых віз

1. Дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Беларусі і дзяржаў-членаў выдаюць шматразовыя візы з тэрмінам дзеяння 5 гадоў наступным катэгорыям асоб:

a) членам нацыянальных і рэгіянальных урадаў і парламентаў, канстытуцыйных судоў і вярхоўных судоў падчас выканання імі сваіх абавязкаў, калі яны не вызвалены ад неабходнасці атрымання віз гэтым Пагадненнем;

b) пастаянным членам афіцыйных дэлегацый, якія ў адпаведнасці з афіцыйным запрашэннем, адрасаваным Беларусі, дзяржаве-члену ці Саюзу, будуць рэгулярна прымаць удзел у сустрэчах, кансультацыях, перагаворах або праграмах абмену, а таксама ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі адной з дзяржаў-членаў або Беларусі міжурадавымі арганізацыямі;

c) мужу, жонцы, дзецям, якія не дасягнулі ўзросту 21 года або знаходзяцца на ўтрыманні, бацькам і асобам, якія выконваюць бацькоўскія абавязкі, дзядулям і бабулям, унукам і ўнучкам, наведваючым грамадзян Беларусі, якія легальна пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-членаў, або грамадзян Саюза, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-членаў, грамадзянамі якіх яны з’яўляюцца, а таксама грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, або грамадзян Саюза, якія легальна пражываюць на тэрыторыі Беларусі;

d) прадпрымальнікам і прадстаўнікам дзелавых арганізацый, якія рэгулярна падарожнічаюць у Беларусь ці дзяржавы-члены.

Нягледзячы на палажэнні першага сказа гэтага пункта, калі неабходнасць або намер часта ці рэгулярна ажыццяўляць паездкі відавочна абмяжоўваецца больш кароткім перыядам, тэрмін дзеяння шматразовай візы абмяжоўваецца гэтым перыядам, у прыватнасці:

– для асоб, пералічаных у падпункце b), калі тэрмін знаходжання іх у якасці пастаяннага члена афіцыйнай дэлегацыі складае менш за 5 гадоў;

– для асоб, пералічаных у падпункце с), калі тэрмін дзеяння дазволу на пражыванне грамадзян Беларусі, якія легальна пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-членаў, і грамадзян Саюза, якія легальна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, складае менш за 5 гадоў;

– для асоб, пералічаных у падпункце d), калі тэрмін дзеяння статуса прадстаўніка дзелавой арганізацыі або рабочы кантракт складаюць менш за 5 гадоў.

2. Дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Беларусі і дзяржаў-членаў выдаюць шматразовыя візы з тэрмінам дзеяння 1 год наступным катэгорыям асоб пры ўмове, што на працягу папярэдняга года яны атрымалі хаця б адну візу і выкарысталі яе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб уездзе і знаходжанні дзяржавы, якую яны наведваюць:

а) членам афіцыйных дэлегацый, якія па афіцыйным запрашэнні, адрасаваным Беларусі, дзяржаве-члену або Саюзу, прымаюць удзел на рэгулярнай аснове ў афіцыйных сустрэчах, кансультацыях, перагаворах або праграмах абмену, а таксама ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі дзяржаў-членаў або Беларусі міжурадавымі арганізацыямі;

b) вадзіцелям, якія выконваюць міжнародныя грузавыя і пасажырскія перавозкі паміж тэрыторыямі Беларусі і дзяржаў-членаў на транспартных сродках, зарэгістраваных у дзяржавах-членах або Беларусі;

c) членам цягніковых, рэфрыжэратарных і лакаматыўных брыгад у міжнародных цягніках, якія рухаюцца па тэрыторыях Беларусі і дзяржаў-членаў;

d) асобам, якія ўдзельнічаюць у навуковай, навучальнай (датычыцца ВНУ), культурнай або творчай дзейнасці, у тым ліку ва ўніверсітэцкіх і іншых праграмах абмену, якія рэгулярна падарожнічаюць у Беларусь або ў дзяржавы-члены;

e) студэнтам і аспірантам, якія рэгулярна падарожнічаюць з мэтай вучобы або вучэбнай стажыроўкі, у тым ліку ў рамках праграм абмену;

f) удзельнікам міжнародных спартыўных мерапрыемстваў і асобам, якія суправаджаюць іх з мэтай выканання сваіх прафесійных абавязкаў;

g) удзельнікам афіцыйных праграм абмену, арганізаваных пародненымі гарадамі і іншымі муніцыпальнымі адзінкамі;

h) асобам, якім патрэбны рэгулярныя паездкі з медыцынскімі мэтамі, і неабходным суправаджаючым іх асобам;

i) адпаведнага профілю ўдзельнікам міжнародных выстаў, канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў і іншых падобных мерапрыемстваў;

j) прадстаўнікам арганізацый грамадскай супольнасці, якія рэгулярна наведваюць Беларусь або дзяржавы-члены з мэтай удзелу ў адукацыйных трэнінгах, семінарах, канферэнцыях, у тым ліку ў тых, якія адбываюцца ў рамках праграм абмену;

k) удзельнікам афіцыйных праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС паміж Беларуссю і Саюзам;

l) журналістам і членам груп тэхнічнай падтрымкі, якія суправаджаюць іх з мэтай выканання прафесійных абавязкаў.

Нягледзячы на палажэнні першага сказа гэтага пункта, калі неабходнасць або намер часта ці рэгулярна ажыццяўляць паездкі відавочна абмяжоўваецца больш кароткім перыядам, тэрмін дзеяння шматразовай візы абмяжоўваецца гэтым перыядам.

3. Дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Беларусі і дзяржаў-членаў выдаюць шматразовыя візы з тэрмінам дзеяння мінімум 2 гады і максімум 5 гадоў катэгорыям грамадзян, вызначаным у пункце 2 гэтага артыкула, пры ўмове, што на працягу папярэдніх 2 гадоў яны выкарысталі шматразовыя візы тэрмінам дзеяння 1 год у адпаведнасці з заканадаўствам аб уездзе і знаходжанні дзяржавы, якую яны наведвалі, калі толькі неабходнасць або намер часта ці рэгулярна ажыццяўляць паездкі відавочна не абмяжоўваецца больш кароткім перыядам. У апошнім выпадку тэрмін дзеяння шматразовай візы абмяжоўваецца гэтым перыядам.

Артыкул 6
Зборы за разгляд хадайніцтваў аб выдачы віз

1. Збор за разгляд хадайніцтваў аб выдачы віз складае 35 еўра. Згаданая сума можа быць перагледжана ў адпаведнасці з працэдурай, вызначанай у пункце 4 артыкула 14 гэтага Пагаднення.

2. Беларусь і дзяржавы-члены будуць спаганяць збор у памеры 70 еўра за разгляд хадайніцтваў аб выдачы віз у выпадках, калі заяўнік просіць, каб рашэнне па хадайніцтве было прынята на працягу двух дзён з даты яго падачы, і консульская ўстанова дае згоду прыняць рашэнне на працягу двух дзён.

3. Пры захаванні ўмоў пункта 4 гэтага артыкула ад аплаты збораў за разгляд хадайніцтваў аб выдачы віз вызваляюцца наступныя катэгорыі асоб:

a) члены нацыянальных і рэгіянальных урадаў і парламентаў, канстытуцыйных судоў і вярхоўных судоў, калі яны не вызвалены ад неабходнасці атрымання віз гэтым Пагадненнем;

b) члены афіцыйных дэлегацый, уключаючы пастаянных членаў афіцыйных дэлегацый, якія па афіцыйным запрашэнні, адрасаваным Беларусі, дзяржавам-членам або Саюзу, прымаюць удзел у афіцыйных сустрэчах, кансультацыях, перагаворах або праграмах абмену, а таксама ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі адной з дзяржаў-членаў або Беларусі міжурадавымі арганізацыямі;

c) блізкія сваякі – муж, жонка, дзеці, бацькі і асобы, якія выконваюць бацькоўскія абавязкі, дзядулі і бабулі, унукі і ўнучкі грамадзян Беларусі, якія легальна пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-членаў, або грамадзян Саюза, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржаў-членаў, грамадзянамі якіх яны з’яўляюцца, а таксама грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, або грамадзян Саюза, якія легальна пражываюць на тэрыторыі Беларусі;

d) асобы, якія ўдзельнічаюць у навуковай, навучальнай (датычыцца ВНУ), культурнай і творчай дзейнасці, у тым ліку ва ўніверсітэцкіх і іншых праграмах абмену;

e) школьнікі, студэнты, аспіранты і суправаджаючыя іх выкладчыкі, якія накіроўваюцца на вучобу або вучэбную стажыроўку, у тым ліку ў рамках праграм абмену або іншай дзейнасці, якая адносіцца да навучання;

f) удзельнікі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў і асобы, якія суправаджаюць іх з мэтай выканання прафесійных абавязкаў;

g) удзельнікі афіцыйных праграм абмену, арганізаваных пародненымі гарадамі і іншымі муніцыпальнымі адзінкамі;

h) прадстаўнікі арганізацый грамадскай супольнасці, якія накіроўваюцца з мэтай удзелу ў адукацыйных трэнінгах, семінарах, канферэнцыях, у тым ліку ў тых, якія адбываюцца ў рамках праграм абмену;

i) удзельнікі афіцыйных праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС паміж Беларуссю і Саюзам;

j) інваліды і суправаджаючыя іх, калі гэта неабходна, асобы;

k) асобы, якія прадстаўляюць дакументы, што пацвярджаюць неабходнасць паездкі ў гуманітарных мэтах, уключаючы паездкі на тэрміновае медыцынскае лячэнне, разам з суправаджаючымі іх асобамі, ці паездкі на пахаванне блізкага сваяка ці на адведзіны сур’ёзна хворага блізкага сваяка;

l) дзеці да 12-гадовага ўзросту.

4. У выпадку калі Беларусь або дзяржава-член супрацоўнічаюць са знешнім пастаўшчыком паслуг па пытаннях выдачы віз, знешні пастаўшчык паслуг можа спаганяць плату за паслугі. Гэта плата павінна быць прапарцыянальнай выдаткам, панесеным знешнім пастаўшчыком паслуг пры выкананні сваіх функцый, і не павінна перавышаць 30 еўра. Беларусь ці дзяржава-член захоўваюць магчымасць для заяўнікаў падаваць хадайніцтвы непасрэдна ў консульствы, дзе гэта магчыма.

Што датычыцца Саюза, знешні пастаўшчык паслуг ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Візавым кодэксам і з поўнай павагай да заканадаўства Беларусі.

Што датычыцца Беларусі, знешні пастаўшчык паслуг ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі і з поўнай павагай да заканадаўства дзяржаў-членаў ЕС.

Артыкул 7
Тэрміны працэдур апрацоўкі хадайніцтваў аб выдачы віз

1. Дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Беларусі і дзяржаў-членаў прымаюць рашэнне па хадайніцтве аб выдачы візы на працягу 10 каляндарных дзён з даты атрымання хадайніцтва і дакументаў, неабходных для выдачы візы.

2. Перыяд часу, неабходны для прыняцця рашэння па хадайніцтве аб выдачы візы, у асобных выпадках можа быць падоўжаны да 30 каляндарных дзён, асабліва калі неабходна дадатковае вывучэнне хадайніцтва.

3. Перыяд часу, неабходны для прыняцця рашэння па хадайніцтве аб выдачы візы, можа быць скарочаны да 2 працоўных дзён ці менш у неадкладных выпадках.

У выпадку, калі заяўнікам неабходна прызначыць час падачы хадайніцтва, падача хадайніцтва, як правіла, павінна адбыцца ў межах двух тыдняў з даты запыту прызначэння часу. Нягледзячы на папярэдні сказ, знешнія пастаўшчыкі паслуг забяспечваюць магчымасць падачы хадайніцтваў, як правіла, без непатрэбных адтэрміновак.

У выпадках апраўданай неабходнасці консульства можа дазволіць заяўнікам падаць свае хадайніцтвы без прызначэння тэрміну або тэрмін будзе прызначаны неадкладна.

Артыкул 8
Выезд у выпадку страты або крадзяжу дакументаў

Грамадзяне Беларусі ці Саюза, якія страцілі свае праязныя дакументы або ў якіх гэтыя дакументы былі скрадзены падчас знаходжання на тэрыторыі дзяржаў-членаў ці Беларусі, могуць пакінуць тэрыторыю дзяржаў-членаў ці Беларусі на падставе сапраўдных праязных дакументаў, якія дазваляюць ім перасякаць мяжу, выдадзеных дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі або консульскімі ўстановамі Беларусі або дзяржаў-членаў, без віз або іншых дадатковых дазволаў.

Артыкул 9
Падаўжэнне тэрміну дзеяння візы ў выключных абставінах

Грамадзянам Беларусі і Саюза, якія не маюць магчымасці пакінуць тэрыторыю дзяржаў-членаў або тэрыторыю Беларусі ў тэрмін, вызначаны ў іх візах, у сувязі з форс-мажорнымі або гуманітарнымі прычынамі, якія перашкаджаюць ім пакінуць тэрыторыю дзяржаў-членаў або тэрыторыю Беларусі, тэрмін дзеяння віз падаўжаецца бясплатна ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое прымяняецца прымаючай дзяржавай-членам або Беларуссю, на перыяд, неабходны для іх вяртання ў дзяржаву іх пражывання.

Артыкул 10
Дыпламатычныя пашпарты і праязныя дакументы ЕС

1. Грамадзяне Саюза, якія дакументаваны сапраўднымі біяметрычнымі дыпламатычнымі пашпартамі, выдадзенымі дзяржавамі-членамі, а таксама сапраўднымі праязнымі дакументамі ЕС, могуць уязджаць, выязджаць і накіроўвацца транзітам праз тэрыторыю Беларусі без віз.

2. Грамадзяне Беларусі, якія дакументаваны сапраўднымі біяметрычнымі дыпламатычнымі пашпартамі, выдадзенымі Беларуссю, могуць уязджаць, выязджаць і накіроўвацца транзітам праз тэрыторыю дзяржаў-членаў без віз.

3. Асобы, згаданыя ў пунктах 1 і 2 гэтага артыкула, могуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ці на тэрыторыях дзяржаў-членаў на працягу перыяду не больш за 90 дзён падчас кожнага перыяду ў 180 дзён.

Артыкул 11
Тэрыторыя, на якую распаўсюджваецца дзеянне віз

Грамадзяне Беларусі і Саюза маюць права перамяшчацца па тэрыторыі дзяржаў-членаў і Беларусі на роўных умовах з грамадзянамі Саюза і Беларусі з улікам нацыянальных нормаў і правілаў, якія датычацца нацыянальнай бяспекі Беларусі і дзяржаў-членаў, а таксама правілаў Саюза аб візах, сапраўдных на абмежаванай тэрыторыі.

Артыкул 12
Сумесны камітэт па выкананні Пагаднення

1. Бакі ствараюць Сумесны камітэт экспертаў (далей – Камітэт), які складаецца з прадстаўнікоў Беларусі і Саюза.

2. Камітэт выконвае, у прыватнасці, наступныя функцыі:

a) назіранне за выкананнем гэтага Пагаднення;

b) падрыхтоўка прапаноў па ўнясенні змяненняў або дапаўненняў у гэта Пагадненне;

c) урэгуляванне спрэчак, якія ўзнікаюць пры тлумачэнні або прымяненні палажэнняў гэтага Пагаднення.

3. Камітэт праводзіць свае пасяджэнні па меры неабходнасці па просьбе аднаго з Бакоў і не менш за адзін раз на год.

4. Камітэт прымае свае працэдурныя правілы.

Артыкул 13
Адносіны паміж гэтым Пагадненнем і двухбаковымі пагадненнямі паміж Беларуссю і дзяржавамі-членамі

З моманту набыцця сілы гэта Пагадненне мае перавагу над палажэннямі любых двухбаковых або шматбаковых пагадненняў ці дамоўленасцей паміж Беларуссю і асобнымі дзяржавамі-членамі ў той ступені, у якой палажэнні апошніх пагадненняў або дамоўленасцей закранаюць або змяняюць сферу прымянення гэтага Пагаднення.

Артыкул 14
Заключныя палажэнні

1. Гэта Пагадненне падлягае ратыфікацыі або зацвярджэнню Бакамі згодна з іх адпаведнымі працэдурамі і набывае сілу ў першы дзень другога месяца пасля даты, калі Бакі паведамілі адзін аднаму аб завяршэнні згаданых працэдур.

2. Нягледзячы на палажэнні пункта 1 гэтага артыкула, гэта Пагадненне набудзе сілу толькі з даты набыцця сілы Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу, калі апошняе набудзе сілу пазней за дату, прадугледжаную пунктам 1 гэтага артыкула.

3. Гэта Пагадненне заключаецца на нявызначаны тэрмін, калі толькі яго дзеянне не будзе скасавана ў адпаведнасці з пунктам 6 гэтага артыкула.

4. Гэта Пагадненне можа быць зменена шляхам пісьмовага пагаднення паміж Бакамі. Змяненні ўступаюць у сілу пасля таго, як Бакі паведамяць адзін аднаму аб завяршэнні сваіх неабходных унутраных працэдур.

5. Кожны Бок можа поўнасцю або часткова прыпыніць дзеянне гэтага Пагаднення. Другі Бок павінен быць праінфармаваны аб рашэнні прыпыніць дзеянне гэтага Пагаднення не пазней за 48 гадзін да ўступлення такога рашэння ў сілу. Бок, які прыпыніў дзеянне гэтага Пагаднення, неадкладна інфармуе другі Бок аб знікненні абставін, якія былі падставай для прыпынення дзеяння гэтага Пагаднення.

6. Кожны Бок можа скасаваць дзеянне гэтага Пагаднення шляхам накіравання пісьмовага паведамлення другому Боку. Гэта Пагадненне спыняе сваё дзеянне праз 90 дзён пасля даты такога паведамлення.

Заключана ў двух экзэмплярах на беларускай, англійскай, балгарскай, венгерскай, грэчаскай, дацкай, іспанскай, італьянскай, латышскай, літоўскай, мальтыйскай, нідэрландскай, нямецкай, партугальскай, польскай, румынскай, славацкай, славенскай, фінскай, французскай, харвацкай, чэшскай, эстонскай і шведскай мовах, пры гэтым усе тэксты маюць аднолькавую сілу.

Заключана ў горадзе Бруселі восьмага студзеня дзве тысячы дваццатага года.

Съставено в Брюксел на осми януари две хиляди и двадесета година.

Hecho en Bruselas, el ocho de enero de dos mil veinte.

V Bruselu dne osmého ledna dva tisíce dvacet.

Udfærdiget i Bruxelles den ottende januar to tusind og tyve.

Geschehen zu Brüssel am achten Januar zweitausendzwanzig.

Kahe tuhande kahekümnenda aasta jaanuarikuu kaheksandal päeval Brüsselis.

Έγινε στις Bρυξέλλες, στις οκτώ Iανουαρίου δύο χιλιάδες είκοσι.

Done at Brussels on the eighth day of January in the year two thousand and twenty.

Fait à Bruxelles, le huit janvier deux mille vingt.

Sastavljeno u Bruxellesu osmog siječnja godine dvije tisuće dvadesete.

Fatto a Bruxelles, addì otto gennaio duemilaventi.

Briselē, divi tūkstoši divdesmitā gada astotajā janvārī.

Priimta du tūkstančiai dvidešimtų metų sausio aštuntą dieną Briuselyje.

Kelt Brüsszelben, a kétezer-huszadik év január havának nyolcadik napján.

Magħmul fi Brussell, fit-tmien jum ta’ Jannar fis-sena elfejn u għoxrin.

Gedaan te Brussel, acht januari tweeduizend twintig.

Sporządzono w Brukseli dnia ósmego stycznia roku dwa tysiące dwudziestego.

Feito em Bruxelas, em oito de janeiro de dois mil e vinte.

Întocmit la Bruxelles la opt ianuarie două mii douăzeci.

V Bruseli ôsmeho januára dvetisícdvadsat’.

V Bruslju, dne osmega januarja leta dva tisoč dvajset.

Tehty Brysselissä kahdeksantena päivänä tammikuuta vuonna kaksituhattakaksikymmentä.

Som skedde i Bryssel den åttonde januari år tjugohundratjugo.

 

За Рэспубліку Беларусь

За Република Беларус

Роr la República de Bielorrusia

Za Běloruskou republiku

For Republikken Hviderusland

Für die Republik Belarus

Valgevene Vabariigi nimel

Гια τη Δημοκρατία της Λευκορωσίας

For the Republic of Belarus

Pour la République de Biélorussie

Za Republiku Bjelarus

Per la Repubblica di Bielorussia

Baltkrievijas Republikas vārdā –

Baltarusijos Respublikos vardu

A Belarusz Köztársaság részéről

Għar-Repubblika tal-Belarussja

Voor de Republiek Belarus

W imieniu Republiki Białorusi

Pela República da Bielorrússia

Pentru Republica Belarus

Za Bieloruskú republiku

Za Republiko Belorusijo

Valko-Venäjän tasavallan puolesta

För Republiken Vitryssland

 

За Еўрапейскі саюз

За Европейския съюз

Рог la Unión Europea

Za Evropskou unii

For Den Europæiske Union

Für die Europäische Union

Euroopa Liidu nimel

Гια την Eυρωπαϊκή Ένωση

For the European Union

Pour l’Union européenne

Za Europsku uniju

Per l’Unione europea

Eiropas Savienības vārdā –

Europos Sąjungos vardu

Az Európai Unió részéről

Għall-Unjoni Ewropea

Voor de Europese Unie

W imieniu Unii Europejskiej

Pela União Europeia

Pentru Uniunea Europeană

Za Európsku úniu

Za Evropsko unijo

Euroopan unionin puolesta

För Europeiska unionen

ПРАТАКОЛ ДА ПАГАДНЕННЯ АБ ДЗЯРЖАВАХ-ЧЛЕНАХ, ЯКІЯ НЕ Ў ПОЎНАЙ СТУПЕНІ ПРЫМЯНЯЮЦЬ ШЭНГЕНСКАЕ 3АКАНАДАЎСТВА

Тыя дзяржавы-члены, якія прымяняюць шэнгенскае заканадаўства, але пакуль не выдаюць шэнгенскія візы, чакаючы прыняцця Саветам адпаведнага рашэння па гэтым пытанні, выдаюць нацыянальныя візы, сапраўдныя для ўезду толькі на іх тэрыторыю.

У адпаведнасці з Рашэннем Еўрапейскага парламента і Савета № 565/2014/EU ад 15 мая 2014 г., якое з 16 чэрвеня 2014 г. упаўнаважвае Балгарыю, Харватыю, Кіпр і Румынію ў аднабаковым парадку прызнаваць стандартныя кароткатэрміновыя двухразовыя і шматразовыя візы, доўгатэрміновыя візы і дазволы на жыхарства, выдадзеныя дзяржавамі – членамі Шэнгенскага пагаднення, і візы з абмежаваным тэрытарыяльным дзеяннем, якія выдадзены дзяржавамі – членамі Шэнгенскага пагаднення ў адпаведнасці з першым сказам артыкула 25 (3) Візавага кодэксу, а таксама нацыянальныя візы і дазволы на пражыванне, выдадзеныя Балгарыяй, Харватыяй, Кіпрам і Румыніяй, у якасці эквівалента іх нацыянальным візам, не толькі ў мэтах транзіту праз іх тэрыторыі, але і для знаходжання на іх тэрыторыі на працягу меркаванага тэрміну не больш за 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд, узгодненыя меры былі прыняты з мэтай спрашчэння транзіту і кароткатэрміновага знаходжання ўладальнікаў шэнгенскіх віз і шэнгенскіх дазволаў на пражыванне на тэрыторыі дзяржаў-членаў, якія яшчэ не ў поўнай меры прымяняюць шэнгенскае заканадаўства.

СУМЕСНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ АДНОСНА ДАНІІ

Бакі прымаюць да ўвагі, што гэта Пагадненне не прымяняецца да працэдур выдачы віз дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і консульскімі ўстановамі Даніі.

У такіх абставінах пажадана, каб улады Даніі і Беларусі неадкладна заключылі двухбаковае пагадненне аб спрашчэнні выдачы кароткатэрміновых віз на ўмовах, падобных да прадугледжаных гэтым Пагадненнем.

СУМЕСНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ АДНОСНА АБ’ЯДНАНАГА КАРАЛЕЎСТВА І ІРЛАНДЫІ

Бакі прымаюць да ўвагі, што гэта Пагадненне не прымяняецца да тэрыторыі Аб’яднанага Каралеўства і Ірландыі.

У такіх абставінах пажадана, каб улады Аб’яднанага Каралеўства, Ірландыі і Беларусі заключылі двухбаковыя пагадненні аб спрашчэнні выдачы кароткатэрміновых віз.

СУМЕСНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ АДНОСНА ІСЛАНДЫІ, НАРВЕГІІ, ШВЕЙЦАРЫІ І ЛІХТЭНШТЭЙНА

Бакі прымаюць да ўвагі моцную ўзаемасувязь паміж Саюзам і Швейцарыяй, Ісландыяй, Ліхтэнштэйнам і Нарвегіяй, асабліва сутнасць пагадненняў ад 18 мая 1999 года і ад 26 кастрычніка 2004 года, якія датычацца асацыяцыі гэтых краін з выкананнем, прымяненнем і развіццём шэнгенскага заканадаўства.

У такіх абставінах пажадана, каб улады Швейцарыі, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі і Беларусі неадкладна заключылі двухбаковыя пагадненні аб спрашчэнні выдачы кароткатэрміновых віз на ўмовах, падобна да прадугледжаных гэтым Пагадненнем.

СУМЕСНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ АБ СУПРАЦОЎНІЦТВЕ ПА ПРАЯЗНЫХ ДАКУМЕНТАХ

Бакі згаджаюцца з тым, што Сумесны камітэт, створаны ў адпаведнасці з артыкулам 12 гэтага Пагаднення, падчас назірання за выкананнем гэтага Пагаднення павінен ацэньваць уплыў узроўня бяспекі адпаведных праязных дакументаў на дзеянне гэтага Пагаднення. У гэтых мэтах Бакі пагаджаюцца рэгулярна інфармаваць адзін аднаго аб здзейсненых мерах па прадухіленні незаконнага распаўсюджвання праязных дакументаў, развіцці тэхнічных аспектаў бяспекі праязных дакументаў, а таксама ў дачыненні да персаналізацыі працэсу выдачы праязных дакументаў.

Дзяржавы-члены, Саюз і Беларусь неадкладна інфармуюць адзін аднаго аб увядзенні новых праязных дакументаў або аб зменах у існуючых праязных дакументах і накіроўваюць узоры гэтых праязных дакументаў і іх апісанне.

СУМЕСНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ АДНОСНА ГАРМАНІЗАЦЫІ ІНФАРМАЦЫІ ПА ПРАЦЭДУРАХ ВЫДАЧЫ КАРОТКАТЭРМІНОВЫХ ВІЗ І ДАКУМЕНТАХ, ЯКІЯ НЕАБХОДНА ПАДАЦЬ ПРЫ ХАДАЙНІЦТВЕ АБ АТРЫМАННІ КАРОТКАТЭРМІНОВЫХ ВІЗ

З улікам важнасці для заяўнікаў празрыстасці працэдур па атрыманні віз Бакі лічаць неабходным прыняцце наступных мер:

распрацоўка асноўнай інфармацыі для заяўнікаў аб працэдурах і ўмовах падачы хадайніцтва аб выдачы кароткатэрміновых віз і аб іх дзеянні;

з боку Саюза: шырокае распаўсюджванне спісу дакументаў візавай падтрымкі, якія прадстаўляюць заяўнікі ў Беларусі, прынятага Рашэннем Еўрапейскай Камісіі С(2014)2727 ад 29 красавіка 2014 г.

Вышэйзгаданая інфармацыя павінна быць відавочна прадстаўлена (на інфармацыйных стэндах консульскіх устаноў, інтэрнэт-старонках і г.д.).

СУМЕСНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА НЕАБХОДНАГА КОНСУЛЬСКАГА ПЕРСАНАЛУ ДЗЕЛЯ ЭФЕКТЫЎНАГА ВЫКАНАННЯ ГЭТАГА ПАГАДНЕННЯ

Прызнаючы важнасць эфектыўнага выканання гэтага Пагаднення, Бакі падкрэсліваюць неабходнасць забеспячэння дастатковага консульскага персаналу.

У свеце вышэйзгаданага Бакі пагаджаюцца аб тым, што Сумесны камітэт, які створаны артыкулам 12 гэтага Пагаднення, будзе кантраляваць выкананне абодвума Бакамі пункта 4 артыкула 6 і артыкула 7 гэтага Пагаднення, якія ўсталёўваюць адпаведна магчымасць для заяўнікаў падачы хадайніцтваў непасрэдна ў консульства, а таксама тэрмін працэдур апрацоўкі хадайніцтваў аб выдачы віз.