ЗАГАД МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ І НАВУКІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

9 чэрвеня 1995 г. № 222

Аб зацвярджэнні Палажэння аб вышэйшым каледжы

У сувязі са стварэннем шматузроўневай сістэмы вышэйшай адукацыі ЗАГАДВАЮ:

1. Зацвердзіць Палажэнне аб вышэйшым каледжы.

2. Упраўленням ВНУ і педадукацыі (Даманеўскі Д.С.), сярэдняй спецыяльнай адукацыі (Кірылюк Л.Я.) у месячны тэрмін давесці палажэнне да ведама вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў.

 

Міністр

В.І.Стражаў

 

Намеснік Міністра

Т.Я.Галко

 

 

 

Начальнік упраўлення ВНУ
і педадукацыі

Д.С.Даманеўскі

Начальнік упраўлення сярэдняй
спецыяльнай адукацыі

Л.Я.Кірылюк

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад
Міністэрства адукацыі і навукі
Рэспублікі Беларусь

09.06.1995 № 222

 

УЗГОДНЕНА:

 

Міністэрства эканомікі
Рэспублікі Беларусь

Міністэрства працы
Рэспублікі Беларусь

 

 

Міністэрства фінансаў
Рэспублікі Беларусь

 

ПАЛАЖЭННЕ
аб вышэйшым каледжы

І. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Вышэйшы каледж з’яўляецца навучальнай установай Рэспублікі Беларусь, звяном сістэмы бесперапыннай, шматузроўневай адукацыі, якая забяспечвае роўнае для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь (уключаючы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі рэспублікі) права на адукацыю, рэалізацыю патрэб асобы, грамадства і дзяржавы ў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з інтарэсамі і здольнасцямі кожнага, і належыць нацыянальнай сістэме адукацыі рэспублікі.

2. Галоўнымі задачамі вышэйшага каледжа з’яўляюцца:

2.1. Задавальненне патрэб асобы ў набыцці спецыяльнай адукацыі і кваліфікацыі.

2.2. Садзейнічанне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе здольнасцей.

2.3. Фарміраванне нацыянальнай свядомасці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, а таксама пачуцця павагі да іншых дзяржаў і народаў свету.

2.4. Падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па складаных спецыяльнасцях і прафесіях, а таксама з вышэйшай адукацыяй.

2.5. Павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка спецыялістаў па новых напрамках навукі, тэхнікі і тэхналогіі.

2.6. Павышэнне агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню навучэнцаў і студэнтаў.

2.7. Выхаванне глыбокай павагі да дэмакратыі як формы кіраўніцтва і існавання.

3. Падрыхтоўка спецыялістаў у вышэйшым каледжы ажыццяўляецца па некалькіх узроўнях:

3.1. Першы – падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

3.2. Другі – падрыхтоўка спецыялістаў з паглыбленай сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якая ўключае прадметы па вучэбных планах і праграмах вышэйшай навучальнай установы.

3.3. Трэці – падрыхтоўка спецыялістаў па адной або некалькіх спецыяльнасцях па першым узроўні вышэйшай адукацыі.

Усе ўзроўні падрыхтоўкі маюць прафесійную завершанасць, якая дазваляе выпускнікам вышэйшага каледжа працаваць па выбранай спецыяльнасці.

4. Падрыхтоўка спецыялістаў у вышэйшым каледжы ажыццяўляецца з ліку асоб, якія маюць адукацыю ў аб’ёме базавай або сярэдняй школы. Асобы, якія маюць адукацыю ў аб’ёме базавай школы, атрымліваюць у каледжы агульную сярэднюю адукацыю, дыферэнцыраваную ў залежнасці ад характару спецыяльнасці.

5. Прыём на першы ўзровень вышэйшага каледжа ажыццяўляецца на конкурснай аснове ў адпаведнасці з Тыпавымі правіламі прыёму ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі і навукі. Пераход на другі і трэці ўзроўні ажыццяўляецца ў парадку, які вызначаецца самім вышэйшым каледжам.

6. Асобы, якія вучацца ў вышэйшым каледжы па трэцім узроўні, называюцца студэнтамі, астатнія – навучэнцамі.

7. Вышэйшы каледж можа таксама рэалізоўваць іншыя віды дзейнасці: вытворчую, навукова-даследчую, эксперыментальна-канструктарскую, гаспадарчую і іншыя.

8. Вышэйшы каледж з’яўляецца юрыдычнай асобай, мае пячатку з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і назвай, бюджэтны і пазабюджэтны і іншыя рахункі ў банках, якія адкрываюцца ва ўстаноўленым парадку.

Вышэйшы каледж ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» ад 29 кастрычніка 1991 года (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1991 г., № 33, ст. 598) і іншымі нарматыўнымі актамі.

ІІ. АСНОВЫ ДЗЕЙНАСЦІ

9. Падрыхтоўка спецыялістаў у вышэйшым каледжы можа ажыццяўляцца па дзённай, вячэрняй і завочнай формах навучання, а таксама шляхам іх спалучэння, па спецыяльнасцях і ў тэрмін, вызначаны вучэбнымі планамі. Адкрыццё і ліквідацыя спецыяльнасцей праводзіцца Міністэрствам адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь.

Патрабаванні да ведаў, уменняў і навыкаў, якімі павінен валодаць спецыяліст па кожнай спецыяльнасці, вызначаюцца кваліфікацыйнай характарыстыкай.

Змест падрыхтоўкі спецыялістаў адлюстроўваецца ў вучэбных планах і праграмах.

Вышэйшы каледж ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў на аснове вучэбных планаў, якія распрацаваны і зацверджаны ў вызначаным парадку.

10. Вышэйшы каледж мае права распрацоўваць і выдаваць канспекты лекцый, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі па прадметах спецыяльнасцей, а таксама вучэбна-метадычную дакументацыю для навучэнцаў-завочнікаў.

11. Навучэнцам і студэнтам вышэйшага каледжа выдаюцца білеты навучэнца і студэнта, кніжкі паспяховасці і заліковая адпаведна. Навучэнцы і студэнты дзённай формы навучання, якія паспяхова вучацца, маюць права на стыпендыяльнае забеспячэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Навучэнцы і студэнты, якія вучацца без адрыву ад вытворчасці, маюць права на льготы, прадугледжаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Навучэнцы вышэйшага каледжа маюць права ў вызначаным парадку заключаць дагаворы з прадпрыемствамі і арганізацыямі ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку заключэння дагавароў на падрыхтоўку спецыялістаў і рабочых кадраў у навучальных установах Рэспублікі Беларусь.

12. Асобы, якія навучаюцца ў каледжы, маюць права:

12.1. Бясплатнага карыстання падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі, іншай літаратурай, неабходнай для навучання.

12.2. Бясплатнага карыстання ў працэсе навучання вучэбна-вытворчай, навуковай і культурна-спартыўнай базай.

12.3. На бяспечныя ўмовы і ахову здароўя ў працэсе навучання.

12.4. На ўдзел у органах самакіравання вышэйшага каледжа і ў рашэнні пытанняў яго дзейнасці.

12.5. На заахвочванне і ўзнагароду за поспехі ў вучобе, навукова-вытворчай дзейнасці.

12.6. На атрыманне работы па спецыяльнасці пасля заканчэння вышэйшага каледжа ў адпаведнасці з заключаным дагаворам і накіраваннем каледжа.

13. Асобы, якія навучаюцца ў вышэйшым каледжы, абавязаны:

13.1. Глыбока авалодваць тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі па спецыяльнасці ў адпаведнасці з устаноўленымі патрабаваннямі.

13.2. Наведваць усе абавязковыя заняткі і выконваць ва ўстаноўлены тэрмін усе віды заданняў, прадугледжаных вучэбнымі планамі і праграмамі.

13.3. Пастаянна імкнуцца да духоўнай і фізічнай дасканаласці.

13.4. Паважаць асабістую годнасць выкладчыкаў.

13.5. Выконваць правілы ўнутранага распарадку і іншыя патрабаванні, прадугледжаныя статутам вышэйшага каледжа.

14. За высокую паспяховасць і актыўны ўдзел у грамадскай рабоце для асоб, якія навучаюцца ў вышэйшым каледжы, устанаўліваюцца розныя формы маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Выбар форм заахвочвання ажыццяўляецца адміністрацыяй вышэйшага каледжа па рэкамендацыі калектыву.

15. За сістэматычную непаспяховасць, парушэнне патрабаванняў статута навучальнай установы і правілаў унутранага распарадку да асоб, якія навучаюцца ў вышэйшым каледжы, могуць быць прыменены меры дысцыплінарнага ўздзеяння, аж да выключэння з навучальнай установы.

16. Асобам, якія выканалі ўсе патрабаванні вучэбных планаў і праграм, рашэннямі Дзяржаўнай кваліфікацыйнай або экзаменацыйнай камісій, якія ствараюцца ў вышэйшым каледжы ў мэтах ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў выпускаемых спецыялістаў, прысвойваецца кваліфікацыя ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, выдаецца дыплом аб заканчэнні вышэйшага каледжа і нагрудны знак устаноўленага ўзору.

Асобам, якія абаранілі дыпломны праект і здалі дзяржаўныя экзамены на «выдатна», а таксама атрымалі адзнаку «выдатна» не менш як па 75 % дысцыплін і адзнаку «добра» па астатніх дысцыплінах, якія прадугледжаны вучэбным планам, выдаецца дыплом з адзнакай.

17. Асобы, якія закончылі вышэйшы каледж, накіроўваюцца на работу на прадпрыемствы і ў арганізацыі, з якімі былі заключаны дагаворы або па іх запатрабаванні, ці працаўладкоўваюцца самастойна.

18. Камплектаванне вышэйшага каледжа выкладчыкамі і штатнымі навуковымі супрацоўнікамі на вакантныя пасады ажыццяўляецца на аснове дзеючага заканадаўства.

Парадак атэстацыі педагагічных кадраў вызначаецца Міністэрствам адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь.

19. Выкладчыкі вышэйшага каледжа маюць права на:

19.1. Забеспячэнне ўмоў сваёй прафесійнай дзейнасці.

19.2. Творчую ініцыятыву.

19.3. Абарону гонару і прафесійнай прыгоднасці.

19.4. Удзел у выбранні і рабоце органаў самакіравання вышэйшага каледжа.

19.5. Самастойнае вызначэнне форм і метадаў навучання і выхавання навучэнцаў.

19.6. Педагагічныя работнікі маюць права на матэрыяльнае і маральнае заахвочванне за поспехі ў педагагічнай, навуковай, вучэбна-метадычнай дзейнасці, на ўзнагароду ордэнамі і медалямі, на прысваенне ганаровых званняў.

20. Выкладчыкі вышэйшага каледжа абавязаны:

20.1. Пастаянна ўдасканальваць свае прафесійныя веды і педагагічнае майстэрства.

20.2. Спрыяць уключэнню студэнтаў і навучэнцаў у навукова-даследчую, эксперыментальна-канструктарскую і іншыя віды работ, якія садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей будучых спецыялістаў.

20.3. Паважаць гонар і годнасць навучэнцаў, выхоўваць іх у духу гуманізму, грамадзянскасці і павагі да працы і закону.

20.4. Валодаць высокімі маральнымі якасцямі.

20.5. Стрымлівацца ад выкарыстання вучэбнага працэсу, свайго становішча ў адносінах да навучэнцаў у палітычных мэтах або для пабуджэння да дзеянняў, якія супярэчаць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.

20.6. Выконваць статут навучальнай установы

21. У вышэйшым каледжы праводзяцца навуковыя і метадычныя даследаванні ў адпаведнасці з тэматычнымі планамі, якія могуць інтэгравацца з пэўным універсітэтам або акадэміяй.

ІІІ. СТРУКТУРА ВЫШЭЙШАГА КАЛЕДЖА

22. Вышэйшы каледж мае ў сваёй структуры: факультэты, кафедры і аддзяленні.

Дзейнасць факультэта і кафедры рэгулюецца палажэннямі аб факультэце і кафедры ВНУ Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць аддзяленняў – палажэннямі аб аддзяленні і ССНУ Рэспублікі Беларусь.

У састаў вышэйшага каледжа могуць уваходзіць навукова-даследчыя, вытворчыя і іншыя падраздзяленні, якія маюць статус структурных адзінак вышэйшага каледжа.

23. Вышэйшы каледж самастойна фарміруе сваю структуру. Структурныя падраздзяленні ажыццяўляюць сваю дзейнасць на аснове адпаведных палажэнняў, распрацаваных у пэўным парадку.

24. У мэтах стварэння найбольш спрыяльных умоў для інтэграцыі навучання з вытворчасцю і навукай вышэйшы каледж можа ствараць аб’яднанні з іншымі вышэйшымі і сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі, прафесійна-тэхнічнымі вучылішчамі і прадпрыемствамі.

IV. АРГАНІЗАЦЫЯ НАВУЧАЛЬНА-ВЫХАВАЎЧАГА ПРАЦЭСУ

25. Навучальна-выхаваўчы працэс у вышэйшым каледжы арганізуецца на педагагічна абгрунтаваным выбары сродкаў і метадаў навучання і выхавання. Асноўныя віды вучэбных заняткаў вызначаюцца вучэбнымі планамі і праграмамі: лекцыі (урокі), лабараторныя работы, практычныя, семінарскія заняткі, вытворчае навучанне (практыка), курсавое і дыпломнае праектаванне, кансультацыі, а таксама кантрольныя формы і экзамены, залікі, кантрольныя работы і іншыя. Факультатыўныя заняткі, накіраваныя на развіццё інтарэсаў і здольнасцей навучэнцаў, уводзяцца па іх жаданні.

26. Навучанне ў вышэйшым каледжы вядзецца на беларускай і рускай мовах у парадку, вызначаным Законам «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» ад 26 студзеня 1990 года (Збор законаў БССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, пастаноў Савета Міністраў БССР, 1990 г., № 4).

27. Пачатак навучальнага года па дзённай форме навучання ўстанаўліваецца з 1 верасня, заканчэнне навучальнага года – адпаведна з вучэбным планам.

Тэрміны правядзення экзаменацыйных сесій, час і працягласць канікул, віды практычнага навучання вызначаюцца вучэбнымі планамі.

Асаблівасці арганізацыі вучэбнага працэсу пры навучанні без адрыву ад вытворчасці вызначаюцца вучэбнымі планамі.

28. Колькасць навучэнцаў у вучэбнай групе пры дзённай форме навучання па першым і другім узроўнях – 25–30 чалавек, па трэцім – 20–25 чалавек, пры навучанні без адрыву ад вытворчасці – 15–20 чалавек.

Пры правядзенні лабараторных работ, практычных і семінарскіх заняткаў, заняткаў па фізічным выхаванні, замежнай мове, інфарматыцы і вучэбных заняткаў па асобных прадметах, пералік якіх вызначаецца каледжам, а таксама пры курсавым праектаванні і вытворчым навучанні ў майстэрнях вучэбная група дзеліцца на падгрупы не менш як па 8 чалавек.

29. Выхаваўчыя задачы ў вышэйшым каледжы вырашаюцца на аснове культурных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа, іншых нацыянальных меншасцей рэспублікі, дасягненняў сусветнай культуры. Выхаваўчая работа праводзіцца на прынцыпах добраахвотнасці і супрацоўніцтва адзінага калектыву навучэнцаў і выкладчыкаў, аб’яднаных агульнай мэтай, якая мае асабістую і грамадскую значнасць. Выбар метадаў, сродкаў і форм выхаваўчай работы праводзіцца з улікам інтарэсаў і схільнасцей навучэнцаў, іх вопыту і ведаў. Штодзённае кіраўніцтва навучальна-выхаваўчай работай у вучэбных групах ажыццяўляецца класнымі кіраўнікамі (куратарамі).

Пры актыўным удзеле органаў самакіравання ў вышэйшым каледжы арганізуецца работа гурткоў, клубаў па інтарэсах, студый, калектываў і самадзейных аб’яднанняў навучэнцаў і работнікаў каледжа. У вышэйшым каледжы ажыццяўляецца культурна-эстэтычная адукацыя і выхаванне, фарміруюцца высокія маральныя якасці грамадзян рэспублікі.

V. КІРАВАННЕ ДЗЕЙНАСЦЮ ВЫШЭЙШАГА КАЛЕДЖА

30. Кіраўніцтва дзейнасцю вышэйшага каледжа ажыццяўляе рэктар, які назначаецца міністэрствам, якому падначалена вучэбная ўстанова, з ліку асоб, якія маюць вучоныя званні ці ступені па профілі падрыхтоўкі ў вышэйшым каледжы.

Рэктар вышэйшага каледжа ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ад імя каледжа прадстаўляе яго ва ўсіх арганізацыях, распараджаецца яго маёмасцю і сродкамі, заключае дагаворы, выдае даручэнні, размяркоўвае крэдыты, складае штатны расклад, выдае ў межах кампетэнцыі вышэйшага каледжа загады і дае ўказанні, абавязковыя для ўсіх работнікаў і навучэнцаў.

Рэктар вышэйшага каледжа ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь назначае і вызваляе з пасады прарэктараў, дэканаў факультэтаў, загадчыкаў аддзяленняў, выкладчыкаў і іншых работнікаў вышэйшага каледжа і вызначае іх службовыя абавязкі.

31. Кіраванне вышэйшым каледжам ажыццяўляецца на аснове спалучэння цэнтралізаванага кіраўніцтва і самакіравання калектыву вышэйшага каледжа.

Калектыў вышэйшага каледжа, які аб’ядноўвае навучэнцаў і работнікаў, вырашае свае задачы ў цесным узаемадзеянні з прадпрыемствамі (установамі, арганізацыямі) – заказчыкамі кадраў.

Самакіраванне ў вышэйшым каледжы рэалізуецца ва ўмовах шырокай галоснасці і дэмакратыі шляхам удзелу ўсяго калектыву ў прыняцці рашэнняў па асноўных пытаннях дзейнасці вышэйшага каледжа і па кантролі за іх выкананнем.

32. Вышэйшым органам самакіравання вышэйшага каледжа з’яўляецца Савет вышэйшага каледжа. Ён ствараецца з мэтай развіцця калегіяльных, дэмакратычных форм у кіраванні вышэйшага каледжа, аб’яднання намаганняў калектываў выкладчыкаў, супрацоўнікаў, навучэнцаў і студэнтаў, прадпрыемстваў для дасягнення канчатковых вынікаў па падрыхтоўцы і выхаванні высокакваліфікаваных спецыялістаў. Старшынёй Савета з’яўляецца рэктар вышэйшага каледжа.

33. Асноўныя напрамкі дзейнасці Савета вышэйшага каледжа:

33.1. Вызначае меры па выкананні рашэнняў дзяржаўных органаў па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй і арганізуе іх рэалізацыю.

33.2. Рашае пытанні развіцця вышэйшага каледжа і ўдасканалення яго вучэбна-матэрыяльнай і навукова-даследчай базы. Удзельнічае ў распрацоўцы мер па эфектыўнай рабоце ўсяго калектыву, асобных структурных падраздзяленняў, па захаванні прынцыпу сацыяльнай справядлівасці.

33.3. Прымае статут вышэйшага каледжа і ўносіць у яго неабходныя змены.

33.4. Устанаўлівае рэжым работы вышэйшага каледжа.

33.5. Вызначае на падставе Правіл прыёму ў навучальныя ўстановы рэспублікі дадатковыя патрабаванні па прыёму з улікам профілю падрыхтоўкі.

33.6. Разглядае пытанні замяшчэння пасад прафесарска-выкладчыцкага складу і навуковых супрацоўнікаў.

33.7. Разглядае і ўносіць прапановы ў адпаведныя органы аб прысваенні ганаровых і вучоных званняў, прадстаўляе педагагічных і іншых работнікаў вышэйшага каледжа да ўрадавых узнагарод і іншых відаў заахвочвання.

33.8. Разглядае справаздачы аб рабоце членаў калектыву, адміністрацыі аб ходзе выканання планаў развіцця вышэйшага каледжа і выніках навучальна-выхаваўчай, навукова-даследчай і фінансавай дзейнасці і прымае па іх рашэнні.

33.9. Прымае ўдзел у рашэнні пытанняў умацавання сувязі з вытворчасцю і іншымі навучальнымі ўстановамі і рыхтуе адпаведныя прапановы па гэтых пытаннях.

33.10. Разглядае адрасаваныя Савету заявы навучэнцаў, студэнтаў і выкладчыкаў, іншых асоб, якія датычаць дзейнасці навучальнай установы, і прымае неабходныя рашэнні.

34. Колькасць і склад Савета вызначаецца на сходзе працоўнага калектыву каледжа.

Савет выбіраецца на тры гады, аб’яўляецца загадам рэктара. На месцы членаў Савета, якія выбылі, праводзяцца дадатковыя выбары.

Пасяджэнні Савета праводзяцца ў адпаведнасці з планам работы ці па меры неабходнасці.

35. У мэтах удасканалення якасці выкладання і выхавання навучэнцаў і студэнтаў, павышэння педагагічнага майстэрства, разгляду вучэбна-метадычных распрацовак у вышэйшым каледжы ствараецца метадычны савет.

Склад, функцыі і парадак работы метадычнага савета вызначаецца загадам рэктара вышэйшага каледжа.

VI. ФІНАНСАВАННЕ І МАТЭРЫЯЛЬНАЯ БАЗА ВЫШЭЙШАГА КАЛЕДЖА

36. Фінансаванне вышэйшага каледжа праводзіцца за кошт дзяржаўных ці іншых сродкаў. Асноўнай крыніцай фінансавання вышэйшага каледжа з’яўляюцца сродкі, якія выдзяляюцца з дзяржаўнага бюджэту ў адпаведнасці з Законам аб дзяржаўным бюджэце, прадугледжаным спецыяльнымі актамі Урада Рэспублікі Беларусь. Іншымі сродкамі вышэйшага каледжа з’яўляюцца даходы ад платных паслуг, вытворчай і навуковай дзейнасці, дагаворныя або кантрактныя сумы за падрыхтоўку кадраў, узносы прадпрыемстваў, фундатараў і грамадзян.

Міністэрствы, прадпрыемствы, арганізацыі і мясцовыя органы ўлады, да якіх накіроўваюцца на работу маладыя спецыялісты, могуць перадаваць у вызначаным парадку навучальнай установе абсталяванне, прыборы, матэрыялы і выдзяляць з асабістых сродкаў дадатковыя асігнаванні навучальнай установе і для аказання сацыяльнай дапамогі, прадастаўлення дадатковых ільгот і даплат студэнтам і навучэнцам.

37. Матэрыяльную базу вышэйшага каледжа складаюць будынкі вучэбных карпусоў і інтэрнатаў, машыны і абсталяванне, транспартныя сродкі і іншая маёмасць, якая выкарыстоўваецца для навучання і быту.

Работнікі і навучэнцы вышэйшага каледжа абавязаны беражліва адносіцца да маёмасці, ажыццяўляць правільную эксплуатацыю будынкаў і абсталявання, прытрымлівацца строгай эканоміі матэрыяльных і грашовых сродкаў вышэйшага каледжа. У выпадках наўмыснага нанясення матэрыяльнай страты яе кошт спаганяецца з вінаватага ва ўстаноўленым парадку.

38. Навуковыя даследаванні фінансуюцца за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту, што выдзяляюцца на выкананне фундаментальных даследаванняў па самых важных напрамках навукі, тэхнікі і культуры, адпаведных міністэрстваў і іншых арганізацый на дагаворнай падставе, вышэйшага каледжа ў межах адпаведных фондаў у вызначаным парадку.

39. Службовыя аклады і аплата працы работнікаў вышэйшага каледжа вызначаюцца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

40. Матэрыяльнае забеспячэнне навучэнцаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі, якія зацверджаны для навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, для студэнтаў – як для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў.

41. Вышэйшы каледж мае права самастойна ўдзельнічаць у рэспубліканскіх, міжрэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемствах, заключаць адпаведныя дагаворы і пагадненні.

42. На падставе гэтага Палажэння вышэйшы каледж распрацоўвае Статут, які зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь.

 

Дзяржаўная рэгістрацыя.

Нумар: 956/12.

Дата: 19.06.95 г.