ЗАГАД МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

14 снежня 1999 г. № 743

Аб зацвярджэнні Палажэння аб органах аховы дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь

У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 1999 г. № 05/209-635 і ў мэтах забеспячэння дзяржаўных гарантый, аказання ўсебаковай дапамогі ў рэалізацыі правоў дзяцей, якія вызначаны Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 33, ст. 430), іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, ЗАГАДВАЮ:

1. Зацвердзіць узгодненае з Міністэрствам фінансаў, Міністэрствам працы, аблвыканкомамі і Мінскім гарвыканкомам Палажэнне аб органах аховы дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь (дадаецца).

2. Галоўнаму ўпраўленню сацыяльнай і выхаваўчай работы (Бутрым Г.А.) накіраваць гэты загад на прававую экспертызу ў Міністэрства юстыцыі.

 

Міністр

В.І.Стражаў

 

УЗГОДНЕНА

Намеснік Міністра фінансаў
Рэспублікі Беларусь

А.І.Сверж

07.12.1999

УЗГОДНЕНА

Намеснік Міністра працы
Рэспублікі Беларусь

А.П.Колас

07.12.1999

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад
Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

14.12.1999 № 743

ПАЛАЖЭННЕ
аб органах аховы дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь

1. Органы аховы дзяцінства забяспечваюць дзяржаўныя гарантыі ў рэалізацыі правоў дзяцей, якія вызначаны Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці, Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці», іншымі актамі заканадаўства.

2. Ажыццяўленне функцый па ахове дзяцінства ўскладаецца на ўпраўленні, аддзелы адукацыі абласных, раённых і гарадскіх выканаўчых і распарадчых органаў, іх аддзелы (сектары) па ахове дзяцінства, сацыяльных педагогаў устаноў сістэмы адукацыі.

3. Асноўнымі задачамі органаў аховы дзяцінства з’яўляюцца:

– абарона правоў і інтарэсаў дзяцей;

– адукацыя дзяцей, насельніцтва ў галіне правоў дзяцей;

– жыццеўладкаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў;

– сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная дапамога дзецям-інвалідам, дзецям з асаблівасцямі разумовага і фізічнага развіцця, дзецям, якія апынуліся ў неспрыяльных умовах і экстрэмальных сітуацыях;

– псіхолага-педагагічная дапамога сем’ям і дзецям з групы павышанай рызыкі з мэтай захавання іх у сям’і;

– ажыццяўленне прадстаўніцтва па абароне правоў і інтарэсаў дзяцей.

4. Органы аховы дзяцінства кіруюцца ў сваёй дзейнасці актамі заканадаўства і дадзеным Палажэннем.

5. Рашэнні органаў аховы дзяцінства па пытаннях аховы правоў дзяцей, іх сацыяльнай абароны з’яўляюцца абавязковымі для выканання ўстановамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі.

6. Органы аховы дзяцінства маюць права і абавязаны абараняць правы і законныя інтарэсы дзяцей ва ўсіх органах, дзе разглядаюцца справы дзяцей або справы іх бацькоў, якія маюць дачыненне да правоў і інтарэсаў дзяцей.

7. Органы аховы дзяцінства маюць права па матываванаму запыту атрымліваць звесткі і даныя, неабходныя для выканання іх функцый.

Дзяржаўныя органы, арганізацыі павінны прадстаўляць органам аховы дзяцінства інфармацыю па пытаннях, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю.

8. Кіраўніцтва і кантроль за дзейнасцю мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і органаў адукацыі па ахове правоў дзяцей ускладаюцца на вышэйстаячыя органы ў парадку падпарадкаванасці.

9. Упраўленні, аддзелы адукацыі абласных, гарадскіх, раённых выканаўчых і распарадчых органаў пры выкананні функцый па абароне правоў дзяцей працуюць у цесным кантакце з усімі органамі і службамі, якія звязаны з выхаваннем, абаронай правоў і інтарэсаў непаўналетніх, прафілактыкай дзіцячай і падлеткавай злачыннасці, ажыццяўляюць каардынацыю дзейнасці ўсіх гэтых органаў і службаў.

10. Для выканання функцый па ахове дзяцінства ў абласных, раённых, гарадскіх упраўленнях, аддзелах адукацыі ствараюцца аддзелы (сектары) аховы дзяцінства, у штат якіх уводзяцца інспектары па ахове дзяцінства, юрысты.

Акрамя гэтых пасад для выканання функцый па ахове дзяцінства ў абласных, гарадскіх, раённых упраўленнях, аддзелах адукацыі могуць уводзіцца інспектары (метадысты) па напрамках дзейнасці аховы дзяцінства (сацыяльная педагогіка, псіхалогія, дэфекталогія і інш.).

11. Раённы, гарадскі выканаўчы і распарадчы орган выконвае наступныя функцыі аховы дзяцінства:

11.1. каардынуе і кантралюе дзейнасць раённага, гарадскога ўпраўлення, аддзела адукацыі па ахове правоў дзяцей, сацыяльнай абароне дзяцінства;

11.2. заслухоўвае справаздачы дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў па выкананні заканадаўства па ахове дзяцінства;

11.3. па прадстаўленні раённага, гарадскога ўпраўлення, аддзела адукацыі прымае рашэнні аб стварэнні дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, назначае бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу, вызваляе і адхіляе іх ад выканання ўскладзеных абавязкаў; назначае штомесячныя грашовыя выплаты на ўтрыманне выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, вырашае пытанні іх фінансавага і матэрыяльнага забеспячэння;

11.4. па прадстаўленні раённага (гарадскога) упраўлення, аддзела адукацыі прымае рашэнні аб ахове жыллёвых і маёмасных правоў дзяцей, вырашае пытанні забеспячэння жыллём дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў;

11.5. прымае рашэнні аб змяненні прозвішчаў дзяцей у выпадку ўсынаўлення і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам;

11.6. забяспечвае права на бясплатнае атрыманне адукацыі, у тым ліку і прафесійнай, дзецьмі-інвалідамі, дзецьмі з асаблівасцямі разумовага і фізічнага развіцця, стварае дастатковую сетку дэфекталагічных пунктаў (пунктаў карэкцыйна-педагагічнай падтрымкі), спецыяльных класаў, класаў інтэграванага навучання, груп, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і г.д. для навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі разумовага і фізічнага развіцця па месцы жыхарства;

11.7. забяспечвае першачарговае працаўладкаванне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей, чые бацькі загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі разумовага і фізічнага развіцця;

11.8. стварае сетку сацыяльна-педагагічных, дзіцячых інтэрнатных устаноў для аказання сацыяльна-педагагічнай, псіхалагічнай, сацыяльна-прававой дапамогі дзецям, якія апынуліся ў экстрэмальных жыццёвых сітуацыях.

12. Раённыя, гарадскія ўпраўленні, аддзел адукацыі праз аддзел (сектар) аховы дзяцінства і сацыяльных педагогаў устаноў сістэмы адукацыі выконвае наступныя функцыі па ахове дзяцінства:

12.1. выяўляе дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і ажыццяўляе меры па ўладкаванні іх на выхаванне ў іншую сям’ю праз усынаўленне, стварэнне прыёмнай сям’і, дзіцячага дома сямейнага тыпу; разам з Нацыянальным цэнтрам усынаўлення стварае банк даных аб дзецях, якія падлягаюць перадачы на выхаванне ў сем’і ўсынавіцеляў, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, і грамадзянах, якія жадаюць прыняць дзяцей на выхаванне; разам з адміністрацыяй дзіцячых інтэрнатных устаноў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, ажыццяўляе меры па перадачы на выхаванне ў сем’і дзяцей, якія знаходзяцца пад дзяржаўнай апекай, высвятляе згоду дзяцей, якія дасягнулі 10-гадовага ўзросту, на ўсынаўленне, перадачу на выхаванне ў дзіцячы дом сямейнага тыпу;

12.2. сумесна з Нацыянальным цэнтрам усынаўлення арганізуе і праводзіць работу з кандыдатамі ва ўсынавіцелі, бацькі-выхавальнікі, вывучае іх умовы жыцця, асабістыя якасці, арганізуе кансультатыўную дапамогу па псіхолага-педагагічных і юрыдычных пытаннях, звязаных з усынаўленнем, стварэннем дзіцячага дома сямейнага тыпу;

12.3. прадстаўляе Міністэрству адукацыі, суду матываваную прапанову аб мэтазгоднасці ўсынаўлення дзяцей – грамадзян Рэспублікі Беларусь або ўстанаўленні апекі над імі замежнымі грамадзянамі;

12.4. прадстаўляе суду (раённаму, гарадскому выканаўчаму і распарадчаму органу) неабходныя матэрыялы для вырашэння пытанняў аб усынаўленні, стварэнні дзіцячага дома сямейнага тыпу, змяненні прозвішчаў дзяцей, прызнанні ўсынаўлення несапраўдным, адмене ўсынаўлення, вызваленні або адхіленні бацькоў-выхавальнікаў ад выканання іх абавязкаў;

12.5. дае дазвол бацькам-выхавальнікам дзіцячага дома сямейнага тыпу, кіраўнікам навучальна-выхаваўчых устаноў, у якіх пад дзяржаўнай апекай знаходзяцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, ажыццяўляць здзелкі, а папячыцелям – даваць дазвол на ажыццяўленне здзелак, якія выходзяць за межы бытавых;

12.6. ажыццяўляе (пры неабходнасці канфідэнцыяльна) нагляд за ўмовамі жыцця і выхавання, аховай маёмасных, жыллёвых і іншых правоў дзяцей, у тым ліку выхаванцаў у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, а пры неабходнасці – і ў сем’ях усынавіцеляў;

12.7. прадстаўляе раённаму, гарадскому выканаўчаму і распарадчаму органу неабходныя матэрыялы для вырашэння пытання аб змяненні прозвішча дзіцяці са сваім заключэннем;

12.8. хадайнічае перад судом аб узбуджэнні спраў аб прызнанні ўсынаўлення несапраўдным або адмене ўсынаўлення, а таксама спраў у абарону маёмасных, жыллёвых і іншых правоў дзяцей;

12.9. прымае ўдзел пры разглядзе ў судзе спраў, якія маюць дачыненне да абароны правоў дзяцей, удзельнічае ў правядзенні дазнання, следства, ажыццяўляе ахову правоў дзяцей у выпадку прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці, пры выкананні рашэння суда аб перадачы або адабранні дзяцей ад бацькоў або іншых асоб;

12.10. аказвае псіхолага-педагагічную дапамогу сем’ям у выпадку спрэчак па пытаннях выхавання дзяцей;

12.11. арганізуе псіхолага-педагагічную дапамогу дзецям, якія страцілі бацькоў, перадаюцца на выхаванне ў іншую сям’ю, дзяржаўную ўстанову, дзецям, якія выхоўваюцца ў неспрыяльных умовах ці экстрэмальных сітуацыях, сталі ахвярамі злачынстваў, правапарушэнняў, жорсткіх адносін, катастроф і г.д., дзецям, якія адбылі па суду тэрмін пакарання;

12.12. выяўляе дзяцей і сем’і з групы рызыкі, сумесна з іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі аказвае ім сацыяльную, прававую і псіхолага-педагагічную дапамогу, прымае ўсебаковыя меры для захавання сям’і, прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва, адхіленняў у паводзінах дзяцей і правапарушэнняў як з боку дзяцей, так і ў адносінах да іх;

12.13. арганізуе кансультацыі сем’яў, якія маюць усыноўленых дзяцей, дзяцей з асаблівасцямі разумовага і фізічнага развіцця, адхіленнямі ў паводзінах па псіхолага-педагагічных пытаннях, дапамагае ў выбары формаў і метадаў сямейнага выхавання такіх дзяцей, разам з бацькамі вырашае пытанне аб неабходнасці індывідуальнага навучання і выхавання, карэкцыйнай дапамогі, выбары тыпа навучальна-выхаваўчай установы, класаў, груп;

12.14. аналізуе кантынгент дзіцячага насельніцтва раёна, горада, вядзе ўлік дзяцей, якія маюць патрэбу ў спецыяльнай дапамозе пры навучанні і працаўладкаванні, уносіць раённым, гарадскім выканаўчым і распарадчым органам прапановы па забеспячэнні права на адукацыю і працаўладкаванне дзяцей, якія адбылі па суду тэрмін пакарання, дзецям з асаблівасцямі разумовага і фізічнага развіцця, выпускнікам дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, спецыяльных школ, класаў, груп на тэрыторыі свайго раёна, горада; пры неабходнасці ўносіць прапановы аб рэарганізацыі сеткі навучальна-выхаваўчых устаноў, браніраванні або мэтавым стварэнні працоўных месцаў;

12.15. кантралюе пытанне пакрыцця бацькамі выдаткаў на выхаванне дзяцей у дзяржаўных інтэрнатных установах;

12.16. пры наяўнасці падстаў хадайнічае перад судом аб прыцягненні да адказнасці асоб, арганізацый і ўстаноў, якія прапагандуюць праз сродкі масавай інфармацыі, літаратуру, відовішчныя і іншыя мерапрыемствы культ насілля, жорсткасці, парнаграфію, зневажаюць чалавечую годнасць, аказваюць шкоднае ўздзеянне на дзяцей і спрыяюць учыненню правапарушэнняў;

12.17. разглядае скаргі (у тым ліку і дзяцей) на дзеянні бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, службовых асоб, якія наносяць шкоду правам і інтарэсам непаўналетніх, і пры неабходнасці перадае матэрыялы ў суд або ў пракуратуру для вырашэння пытання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

12.18. у месячны тэрмін прадстаўляе ў Нацыянальны цэнтр усынаўлення аператыўную інфармацыю аб дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў і падлягаюць усынаўленню.

13. Інспектар па ахове дзяцінства прызначаецца з ліку асоб, якія маюць вышэйшую педагагічную (юрыдычную) адукацыю, адпаведную педагагічную (юрыдычную) падрыхтоўку, стаж работы па спецыяльнасці (педагагічнай або юрыдычнай) не менш за 5 гадоў.

14. Раённыя, гарадскія ўпраўленні, аддзелы адукацыі, іх аддзелы (сектары) аховы дзяцінства каардынуюць і кантралююць дзейнасць сацыяльных педагогаў устаноў сістэмы адукацыі па абароне правоў дзяцей.

15. Абласны выканаўчы камітэт выконвае наступныя функцыі па ахове дзяцінства:

15.1. каардынуе і кантралюе дзейнасць абласнога ўпраўлення, раённых, гарадскіх выканаўчых і распарадчых органаў па пытаннях аховы правоў дзяцей;

15.2. заслухоўвае справаздачы дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў па выкананні заканадаўства па ахове дзяцінства;

15.3. прымае рашэнні аб стварэнні і рэарганізацыі сеткі навучальна-выхаваўчых і іншых устаноў для аказання дэфекталагічнай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі, прафесійнага навучання дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі разумовага і фізічнага развіцця, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей, якія апынуліся ў экстрэмальных жыццёвых сітуацыях, стварае працоўныя месцы для іх;

15.4. плануе і рэалізуе сістэму мер па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва і дзіцячай злачыннасці.

16. Абласное ўпраўленне адукацыі (яго аддзел па ахове дзяцінства) выконвае наступныя функцыі па ахове дзяцінства:

16.1. каардынуе і кантралюе дзейнасць раённых, гарадскіх упраўленняў, аддзелаў адукацыі па ахове дзяцінства;

16.2. інспектуе навучальна-выхаваўчыя, лячэбна-прафілактычныя і іншыя ўстановы незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці па пытаннях аховы правоў дзяцей, забяспечвае гэтыя ўстановы нарматыўнай дакументацыяй;

16.3. вядзе ўлік дзяцей з асаблівасцямі разумовага і фізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў і ўносіць прапановы па рэарганізацыі і стварэнні сеткі навучальна-выхаваўчых устаноў з мэтай аказання дзецям карэкцыйнай дапамогі па месцы жыхарства;

16.4. сумесна з Нацыянальным цэнтрам усынаўлення стварае банк даных аб дзецях, якія маюць патрэбу ва ўладкаванні ў сям’ю, кандыдатах ва ўсынавіцелі, бацькі-выхавальнікі, аналізуе вынікі работы раённых, гарадскіх упраўленняў, аддзелаў адукацыі і адміністрацыі дзіцячых устаноў па пошуку сем’яў для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, прымае ўсе меры для забеспячэння права дзяцей на пражыванне ў сям’і;

16.5. арганізуе павышэнне кваліфікацыі, метадычную работу ў міжкурсавы перыяд, абагульненне вопыту работы штатных супрацоўнікаў органаў аховы дзяцінства і адміністрацыі навучальна-выхаваўчых устаноў па праблемах аховы правоў непаўналетніх.

17. Міністэрства адукацыі выконвае наступныя функцыі па ахове дзяцінства:

17.1. ажыццяўляе дзяржаўную палітыку па абароне правоў і інтарэсаў дзяцей, забяспечвае асаблівы клопат і абарону дзяржавай правоў дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі разумовага або фізічнага развіцця і дзяцей, якія часова ці пастаянна пазбаўлены свайго сямейнага акружэння або апынуліся ў іншых неспрыяльных умовах і экстрэмальных сітуацыях;

17.2. каардынуе намаганні дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый па рэалізацыі Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці», арганізуе і кантралюе выкананне Нацыянальнага плана дзеянняў па ахове правоў дзяцей на 1995–2000 гг., Нацыянальнага плана развіцця адукацыі ў галіне правоў чалавека на 1999–2004 гады, прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі», іншых дзяржаўных праграм у галіне абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове дзяцінства;

17.3. ажыццяўляе меры па стварэнню і развіццю ў Рэспубліцы Беларусь сістэмы спецыяльнай адукацыі для дзяцей з асобымі патрэбамі, каардынуе і кантралюе дзейнасць усіх навучальна-выхаваўчых устаноў, якія ажыццяўляюць навучанне і рэабілітацыю дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, падрыхтоўку і перападрыхтоўку для гэтых мэт педагагічных кадраў;

17.4. каардынуе пытанні сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі сем’ям і дзецям з групы павышанай рызыкі з мэтай захавання дзяцей у сям’і;

17.5. каардынуе і кантралюе дзейнасць абласных, раённых, гарадскіх органаў кіравання адукацыяй па абароне правоў дзяцей;

17.6. распрацоўвае заканадаўчыя і нарматыўныя дакументы і арганізуе навуковыя даследаванні па пытаннях аховы дзяцінства.