− 
 − 

ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

26 студзеня 1990 г. № 3094-XІ

Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь

Мова – не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова – жыве народ. Кожная мова, яе літаратурная, жывая мясцовая і гістарычная разнавіднасць – неацэнны скарб, які належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву.

Доўг і абавязак усіх – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту, паважліва ставіцца да моў іншых народаў.

У Беларусі здаўна жывуць людзі розных нацыянальнасцей, гучаць розныя мовы. Аднак у апошнія гады сфера ўжывання мовы карэннага насельніцтва Беларусі, якое дало ёй імя і гістарычна складае асноўную частку жыхароў рэспублікі, значна звузілася, пад пагрозай апынулася само яе існаванне. Паўстала неабходнасць аховы беларускай мовы на дзяржаўна-этнічнай тэрыторыі. Такую сістэму аховы дазваляе стварыць толькі наданне беларускай мове статуса дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.

Статус беларускай мовы як дзяржаўнай не закранае канстытуцыйных правоў грамадзян іншых нацыянальнасцей карыстацца рускай ці іншымі мовамі. Усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, незалежна ад нацыянальнасці і роднай мовы, карыстаюцца роўнымі правамі і маюць роўныя абавязкі перад дзяржавай.

I. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1. Мэты заканадаўства аб мовах у Рэспубліцы Беларусь

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб мовах мае на мэце ўрэгуляваць адносіны ў галіне развіцця і ўжывання беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, ахову канстытуцыйных правоў грамадзян у гэтай сферы, выхаванне паважлівых адносін да нацыянальнай годнасці чалавека, яго культуры і мовы, далейшае ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва народаў.

Артыкул 2. Дзяржаўная мова, іншыя мовы ў Рэспубліцы Беларусь

У адпаведнасці з Канстытуцыяй (Асноўным Законам) Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова.

Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыяніраванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР.

Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі.

Рэспубліканскія і мясцовыя дзяржаўныя, партыйныя органы, прадпрыемствы, установы і грамадскія арганізацыі ствараюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі.

Закон не рэгламентуе ўжыванне моў у неафіцыйных зносінах, у зносінах членаў працоўных калектываў паміж сабой, ва Узброеных Сілах СССР, пагранічных, унутраных і чыгуначных войсках, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3. Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай

Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай. Ім гарантуецца таксама права звяртацца ў дзяржаўныя, партыйныя органы, прадпрыемствы, установы і грамадскія арганізацыі на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове.

Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай мове. Адказ грамадзяніну даецца на беларускай мове або, па яго жаданню, у перакладзе на рускую мову.

Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на дзяржаўнай мове, мове міжнацыянальных зносін або рабочай мове данай установы са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабой адказнасць згодна з дзеючым заканадаўствам.

Артыкул 4. Абавязак службовых асоб, іншых работнікаў дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый валодаць беларускай і рускай мовамі

Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных устаноў, партыйных, савецкіх, прафсаюзных органаў, грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання службовых абавязкаў.

Органы дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання, а таксама ўстановы, прадпрыемствы і арганізацыі павінны прымаць і разглядаць дакументы, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай або рускай мове.

Артыкул 5. Абарона моў

Усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя.

Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўнай і іншай мовы, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць.

Артыкул 6. Арганізацыя выканання Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь

Арганізацыя выканання Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь ускладаецца на Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і выканаўчыя камітэты мясцовых Саветаў народных дэпутатаў.

II. МОВА ДЗЯРЖАЎНЫХ, ПАРТЫЙНЫХ ОРГАНАЎ, ПРАДПРЫЕМСТВАЎ, УСТАНОЎ I ГРАМАДСКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ

Артыкул 7. Мова актаў органаў дзяржаўнай улады і кіравання

Акты вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь прымаюцца на беларускай мове і публікуюцца на беларускай і рускай мовах.

Акты міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай мове, а пры неабходнасці – і на нацыянальнай мове большасці насельніцтва той ці іншай мясцовасці.

Тэксты на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь выконваюцца на беларускай мове, а пры неабходнасці – на беларускай і рускай або іншай мове.

Артыкул 8. Мова справаводства і дакументацыі

У Рэспубліцы Беларусь мовай справаводства і дакументацыі, а таксама мовай узаемаадносін дзяржаўных, партыйных органаў, устаноў і грамадскіх арганізацый з’яўляецца беларуская мова.

Мовай справаводства і дакументацыі на прадпрыемствах (у тым ліку – саюзнага падпарадкавання) з’яўляецца беларуская мова, а пры неабходнасці – руская.

Артыкул 9. Мова ўзаемаадносін рэспубліканскіх і мясцовых органаў з саюзнымі органамі і органамі іншых рэспублік

Мовай узаемаадносін рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый з саюзнымі органамі з’яўляецца руская мова, а з органамі, прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі іншых саюзных рэспублік – руская або іншая прымальная для бакоў мова.

Артыкул 10. Мова тэхнічнай і праектнай дакументацыі

Тэхнічная і праектная дакументацыя ў Рэспубліцы Беларусь рыхтуецца на беларускай або рускай мове, а з улікам прызначэння – на іншай мове.

Артыкул 11. Мова дакументаў аб статусе грамадзян Рэспублікі Беларусь

Афіцыйныя дакументы, якія сведчаць статус грамадзяніна, – пашпарт, працоўная кніжка, дакументы аб адукацыі, пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, а таксама дакументы аб смерці асобы выконваюцца на беларускай і рускай мовах, а асобныя дакументы пры неабходнасці – на беларускай і іншай мове.

Артыкул 12. Мова з’ездаў, канферэнцый і іншых форумаў

У Рэспубліцы Беларусь рабочай мовай з’ездаў, сесій, канферэнцый, пленумаў, пасяджэнняў, нарад, іншых сходаў з’яўляецца беларуская мова.

Рабочай мовай міжрэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных сходаў і форумаў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца мова, вызначаная ўдзельнікамі форума.

Удзельнікам мясцовых, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных сходаў і форумаў гарантуецца права выбіраць мову выступленняў з забеспячэннем перакладу на рабочую мову.

Артыкул 13. Мова дакументаў па выбарах народных дэпутатаў

Дакументацыя па выбарах народных дэпутатаў мясцовых, рэспубліканскіх і саюзных органаў дзяржаўнай улады афармляецца на беларускай мове.

Дакументацыя па выбарах народных дэпутатаў СССР падаецца ў Цэнтральную выбарчую камісію па выбарах народных дэпутатаў СССР на рускай мове.

Выбарчыя бюлетэні друкуюцца на беларускай мове або на нацыянальнай мове большасці насельніцтва выбарчай акругі.

Артыкул 14. Мова ў сферы абслугоўвання

На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская мова або іншая прымальная для бакоў мова.

Артыкул 15. Мова судаводства

У Рэспубліцы Беларусь судаводства вядзецца на беларускай мове або нацыянальнай мове большасці насельніцтва данай мясцовасці.

Пры разглядзе ў судах крымінальных і грамадзянскіх спраў асобам, якія прымаюць удзел у справе і не валодаюць мовай судаводства, забяспечваецца права азнаямлення з адпаведнымі матэрыяламі, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове.

Следчыя і судовыя дакументы выдаюцца асобам, якія прымаюць удзел у справе, па іх патрабаванню, у перакладзе на родную мову або іншую мову, якой яны валодаюць.

Артыкул 16. Мова вядзення спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях

Вядзенне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на беларускай мове або нацыянальнай мове большасці насельніцтва той ці іншай мясцовасці.

Калі асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, не валодае мовай, на якой вядзецца справа, яна можа выступаць на роднай мове і карыстацца дапамогай перакладчыка.

Артыкул 17. Мова натарыяльнага справаводства

Натарыяльнае справаводства ў дзяржаўных натарыяльных канторах і выканаўчых камітэтах гарадскіх, пасялковых і сельскіх Саветаў народных дэпутатаў вядзецца на той мове, на якой вядзецца ў данай мясцовасці судаводства.

Калі асоба, якая звярнулася ў натарыяльную кантору, не ведае мовы, на якой вядзецца справаводства, тэксты дакументаў, што афармляюцца, павінны быць складзены ў перакладзе на рускую або іншую мову.

Артыкул 18. Мова вядзення арбітражных спраў

Вядзенне арбітражных спраў з удзелам бакоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца на беларускай мове.

Вядзенне арбітражных спраў з удзелам аднаго з бакоў, што знаходзіцца на тэрыторыі іншай саюзнай рэспублікі, ажыццяўляецца на рускай мове.

Калі справы накіроўваюцца ў Дзяржаўны арбітраж СССР або ў дзяржаўны арбітраж іншай саюзнай рэспублікі, матэрыялы, аформленыя на беларускай мове, падлягаюць перакладу на рускую мову.

Артыкул 19. Мова пракурорскага нагляду

Акты пракурорскага нагляду ў Рэспубліцы Беларусь складаюцца на беларускай мове. У сувязі з ажыццяўленнем пракурорскага нагляду на гэтай мове вядзецца і перапіска з усімі ўстановамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У зносінах з Пракуратурай СССР і іншымі саюзнымі органамі, з органамі пракурорскага нагляду і іншымі ўстановамі саюзных рэспублік выкарыстоўваецца руская мова.

Артыкул 20. Мова юрыдычнай дапамогі

Юрыдычная дапамога грамадзянам і арганізацыям аказваецца на беларускай мове або на прымальнай для бакоў мове.

Артыкул 21. Мова міжнародных дагавораў і пагадненняў

Мовамі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, а таксама пагадненняў прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый Рэспублікі Беларусь з прадпрыемствамі, установамі і грамадскімі арганізацыямі іншых дзяржаў з’яўляецца беларуская мова і мова іншага боку дагавора або пагаднення.

III. МОВА АДУКАЦЫІ, НАВУКІ I КУЛЬТУРЫ

Артыкул 22. Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове

Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару рэспублікі неад’емнае права на выхаванне і атрыманне адукацыі на беларускай мове або на рускай мове. Гэта права забяспечваецца сістэмай дашкольных устаноў, агульнаадукацыйных школ, прафесійна-тэхнічных вучылішч, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў.

Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове маюць і грамадзяне іншых нацыянальнасцей, якія жывуць у рэспубліцы. Дзяржава стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права.

Кіраўнікі і іншыя супрацоўнікі сістэмы народнай адукацыі павінны валодаць мовай навучання, на якой працуе адпаведная арганізацыя.

Артыкул 23. Мова выхавання ў дзіцячых дашкольных установах

У дзіцячых дашкольных установах, а таксама ў дзіцячых дамах у Рэспубліцы Беларусь выхаванне вядзецца на беларускай мове.

У месцах кампактнага пасялення грамадзян іншых нацыянальнасцей ствараюцца дзіцячыя дашкольныя ўстановы, дзе выхаванне дзяцей вядзецца на рускай або іншай нацыянальнай мове.

У дзіцячых дашкольных установах пры неабходнасці могуць стварацца асобныя групы, у якіх выхаванне вядзецца на іншай мове.

Артыкул 24. Мова навучання і выхавання ў агульнаадукацыйных школах

У Рэспубліцы Беларусь вучэбная і выхаваўчая праца ў агульнаадукацыйных школах вядзецца на беларускай мове.

У месцах кампактнага пасялення грамадзян іншых нацыянальнасцей ствараюцца агульнаадукацыйныя школы або класы, у якіх вучэбная і выхаваўчая праца вядзецца на рускай або іншай нацыянальнай мове.

У агульнаадукацыйных школах пры неабходнасці могуць стварацца класы, у якіх навучанне і выхаванне вядзецца на іншай мове.

Ва ўсіх агульнаадукацыйных школах Рэспублікі Беларусь вывучэнне беларускай і рускай моў з’яўляецца абавязковым.

Парадак вывучэння беларускай мовы вучнямі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі, вызначаецца Міністэрствам народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 25. Мова навучання ў прафесійна-тэхнічных вучылішчах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах

Навучанне і выхаванне ў прафесійна-тэхнічных вучылішчах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на беларускай мове, а па некаторых спецыяльнасцях і прафесіях – на беларускай, рускай або іншай мове. Пералік гэтых спецыяльнасцей і прафесій вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Ва ўсіх навучальных установах Рэспублікі Беларусь з іншай мовай навучання беларуская мова вывучаецца незалежна ад ведамаснай прыналежнасці гэтых устаноў.

Артыкул 26. Уступныя экзамены па мове

Абітурыенты, якія паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы рэспублікі, здаюць уступны экзамен па беларускай мове, а тыя, хто не атэставаны па беларускай мове, здаюць уступны экзамен на выбар – па беларускай або рускай мове.

Артыкул 27. Мова ў сферы навукі

У Рэспубліцы Беларусь вынікі навукова-даследчых прац афармляюцца на беларускай мове, а з улікам іх прызначэння – на рускай мове.

Выканаўцы навукова-даследчых прац могуць выбіраць мову публікацый навуковых вынікаў.

Артыкул 28. Мова ў сферы культуры

У Рэспубліцы Беларусь мовай у сферы культуры з’яўляецца беларуская мова. Гарантуецца таксама захаванне і развіццё культуры на мовах прадстаўнікоў іншых народаў, што жывуць у рэспубліцы.

З мэтай шырокага азнаямлення грамадзян рэспублікі з дасягненнямі культуры народаў СССР і сусветнай культуры Рэспубліка Беларусь забяспечвае пераклад і выданне на беларускай мове мастацкай, палітычнай, навуковай, вучэбнай і іншай літаратуры, вытворчасць і паказ фільмаў і аўдыявізуальных твораў.

IV. МОВА ІНФАРМАЦЫІ I СУВЯЗІ

Артыкул 29. Мова сродкаў масавай інфармацыі

У Рэспубліцы Беларусь мовай афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі з’яўляецца беларуская мова.

Мовай афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі могуць таксама быць руская мова і мовы іншых нацыянальнасцей.

Артыкул 30. Мова работы пошты і тэлеграфа

У межах Рэспублікі Беларусь паштова-тэлеграфная карэспандэнцыя ад грамадзян, дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскіх арганізацый прымаецца на беларускай або рускай мове.

Пошта і тэлеграф забяспечваюцца маркамі, канвертамі, паштоўкамі, бланкамі і да т.п., надпісы на якіх выконваюцца на беларускай або рускай мове і адпавядаюць патрабаванням Сусветнай паштовай канвенцыі.

Артыкул 31. Мова аб’яў і паведамленняў

Тэксты афіцыйных аб’яў, паведамленняў, плакатаў, афіш, рэклам і да т.п. выконваюцца на беларускай мове. Побач з беларускім тэкстам можа быць змешчаны яго пераклад на іншую мову.

Артыкул 32. Мова маркіроўкі тавараў

Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі аб карыстанні таварамі, зробленымі ў Рэспубліцы Беларусь, выконваюцца на беларускай мове.

Маркіроўка тавараў на вываз за межы Рэспублікі Беларусь выконваецца на беларускай, рускай мове або на мове заказчыка.

Назвы ў таварных знаках даюцца на беларускай мове.

V. МОВА НАЗВАЎ

Артыкул 33. Мова назваў дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый

Афіцыйныя назвы дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый даюцца на беларускай мове. З правага боку (або знізу) гэтыя назвы могуць давацца пры неабходнасці ў перакладзе на рускую або іншую мову.

Артыкул 34. Мова тапонімаў і картаграфічных выданняў

У Рэспубліцы Беларусь тапонімы (назвы населеных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і да т.п.) даюцца на беларускай мове.

Тапонімы з-за межаў Рэспублікі Беларусь даюцца на беларускай мове ў адпаведнасці з традыцыяй, а новыя – у транскрыпцыі з мовы арыгінала.

Картаграфічныя выданні, прызначаныя для карыстання ў Рэспубліцы Беларусь, рыхтуюцца і друкуюцца на беларускай мове.

Артыкул 35. Мова асабовых імён

Беларускія асабовыя імёны і прозвішчы ўжываюцца ў адпаведнасці з нацыянальнай іменаслоўнай традыцыяй і законам беларускай мовы.

Асабовыя імёны і прозвішчы з іншых моў пішуцца і ўжываюцца на беларускай мове ў адпаведнасці з правіламі перадачы іншамоўных уласных імён.

VI. САДЗЕЙНІЧАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНАМУ РАЗВІЦЦЮ БЕЛАРУСАЎ, ЯКІЯ ЖЫВУЦЬ ЗА МЕЖАМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 36. Садзейнічанне нацыянальна-культурнаму развіццю беларусаў, якія жывуць за межамі Рэспублікі Беларусь

Рэспубліка Беларусь на аснове пагадненняў з іншымі саюзнымі рэспублікамі садзейнічае нацыянальна-культурнаму развіццю беларусаў, якія жывуць у гэтых рэспубліках.

Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права садзейнічае задавальненню нацыянальна-культурных інтарэсаў асоб беларускага паходжання, якія жывуць у замежных краінах.

 

Старшыня Прэзідыума
Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

М.Дземянцей

 

 

Сакратар Прэзідыума
Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

Л.Сыраегіна