− 
 − 

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

4 мая 2009 г.Р-327/2009

Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змянення ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванні дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змянення ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Ізотку У.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя) і Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змянення ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змянення ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 2009 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 23 красавіка 2009 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдакладнення артыкула 43 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» і ўзгаднення яго з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2008 г. № 259 «Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці».

Новая рэдакцыя артыкула 43, якая прадугледжваецца Законам, у адрозненне ад дзеючай змяшчае вызначэнне гастрольна-канцэртнай дзейнасці і пашырае кола суб’ектаў такой дзейнасці, уключыўшы ў яго разам з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, замежныя і міжнародныя арганізацыі.

Пашырэнне кола суб’ектаў гастрольна-канцэртнай дзейнасці ажыццёўлена ў адпаведнасці з артыкулам 11 Канстытуцыі, які прадугледжвае, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі. Гэта накіравана адначасова і на рэалізацыю артыкула 51 Канстытуцыі, згодна з якім кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці, а дзяржава садзейнічае развіццю культуры.

У Законе ўстанаўліваецца, што парадак ажыццяўлення гастрольна-канцэртнай дзейнасці вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Тым самым прававое рэгуляванне аднаго з кірункаў культурнай дзейнасці павышаецца з урадавага ўзроўню да ўзроўню Кіраўніка дзяржавы, што адпавядае паўнамоцтвам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прадугледжаным пунктам 30 артыкула 84 Канстытуцыі.

Згодна з Канстытуцыяй Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разглядае праекты законаў (пункт 2 часткі першай артыкула 97), а Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў (пункт 1 часткі першай артыкула 98).

Такім чынам, парадак прыняцця Закона адпавядае палажэнням артыкулаў 97–100 Канстытуцыі. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі, прадастаўленай ім Канстытуцыяй.

Канстытуцыйны Суд прыходзіць таксама да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта Закон не супярэчыць Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванні дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змянення ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Старшынствуючы 
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

П.П.Міклашэвіч