− 
 − 

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

28 красавіка 2012 г.Р-702/2012

Аб адпаведнасці Канcтытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Ізотку У.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 2012 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 красавіка 2012 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Унясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» абумоўлена перш за ўсё неабходнасцю ўзгаднення яго норм з нормамі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2010 г. № 542 «О проведении культурно-зрелищных мероприятий» і іншых заканадаўчых актаў. Дадзеныя змяненні і дапаўненні датычацца пытанняў рэгулявання адносін па арганізацыі і правядзенню культурных мерапрыемстваў, прававога становішча арганізацый культуры і творчых калектываў, а таксама адукацыйнага працэсу ў галіне культуры.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную палітыку (частка другая артыкула 1).

Згодна з артыкулам 51 Канстытуцыі кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці; гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў; свабода мастацкай творчасці і выкладання гарантуецца; дзяржава садзейнічае развіццю культуры на карысць агульных інтарэсаў.

Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (артыкул 27) і Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (артыкул 15) таксама прадугледжваецца, што кожны чалавек мае права свабодна ўдзельнічаць у культурным жыцці грамадства, а дзяржава павінна прымаць меры для поўнага ажыццяўлення гэтага права.

У артыкуле 1 Канвенцыі аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення, прынятай Генеральнай канферэнцыяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры 20 кастрычніка 2005 года, удзельніцай якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, пацвярджаецца суверэннае права дзяржавы на падтрымку, прыняцце і ажыццяўленне такіх палітыкі і мер, якія яна лічыць належнымі для аховы і заахвочвання разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення на сваёй тэрыторыі.

З прыведзеных канстытуцыйных і міжнародна-прававых норм вынікае, што рэалізацыя правоў і свабод грамадзян у галіне культуры ажыццяўляецца пры актыўным удзеле дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў Законе атрымліваюць далейшую рэалізацыю канстытуцыйная норма аб абавязку дзяржавы садзейнічаць развіццю культуры на карысць агульных інтарэсаў і суверэннае права Рэспублікі Беларусь на самастойнае вызначэнне ўмоў культурнага развіцця беларускага грамадства, якое вынікае ў тым ліку з палажэнняў міжнародна-прававых актаў.

2. У артыкуле 12 Закона «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» у якасці аднаго з напрамкаў дзяржаўнага рэгулявання і кіравання ў галіне культуры прадугледжваецца ажыццяўленне дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй права ўстанаўліваць і прадастаўляць ільготы некамерцыйным арганізацыям культуры. Згодна з удакладненай у адпаведнасці з абзацам другім пункта 8 артыкула 1 Закона рэдакцыяй дадзенай нормы такое права прадастаўляецца дзяржаўным органам у дачыненні і да камерцыйных арганізацый культуры.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што тым самым на ўзроўні закона замацоўваецца адзіны падыход да арганізацый культуры незалежна ад іх віду. Дадзены падыход адпавядае палажэнням Канстытуцыі (часткі другая і чацвёртая артыкула 13), згодна з якімі дзяржава прадастаўляе ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці, і накіраваны на развіццё культурнай дзейнасці і ўстанаўленне гарантый больш эфектыўнай рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыцці.

3. Пры вызначэнні асаблівасцей арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў у спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам або ў памяшканнях у Законе ўстанаўліваецца, што распаўсюджванне і (або) папулярызацыя вынікаў творчай дзейнасці ў ходзе такіх мерапрыемстваў ажыццяўляюцца з улікам заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (абзац шосты пункта 6 артыкула 1), у сувязі з чым рэалізацыя правоў і свабод у галіне культуры можа быць звязана з прымяненнем мер абмежавальнага характару, прадугледжаных дадзеным заканадаўствам.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прымяненне ва ўказаных выпадках мер абмежавальнага характару, прадугледжаных заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах, нельга разглядаць як скажэнне сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, што вядзе да страты іх рэальнага зместу, калі гэтыя меры суразмерныя грамадскім і дзяржаўным інтарэсам, правам і свабодам асобы, якія абараняюцца, і адпавядаюць частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі.

Канстытуцыйны Суд такім чынам пацвярджае прававую пазіцыю, выкладзеную ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 28 кастрычніка 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О массовых мероприятиях в Республике Беларусь», у якой таксама адзначана, што міжнародна-прававымі нормамі дапускаюцца абмежаванні, якія накладаюцца законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маралі насельніцтва або абароны правоў і свабод іншых асоб.

4. Прынцып вяршэнства права ў прававой дзяржаве (частка першая артыкула 1 і частка першая артыкула 7 Канстытуцыі) і прынцып прававой дакладнасці, што вынікае з яго, прадугледжваюць фарміраванне такой сістэмы заканадаўства, у якой прававыя нормы павінны быць яснымі, дакладнымі, несупярэчлівымі і лагічна ўзгодненымі. Прынцып прававой дакладнасці абумоўлівае таксама неабходнасць своечасовага прывядзення актаў заканадаўства ў адпаведнасць з актамі, прынятымі пазней.

Уносімыя ў Закон «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» змяненні і дапаўненні, звязаныя з заканадаўчым вызначэннем тэрмінаў «культурна-відовішчнае мерапрыемства», «культурнае мерапрыемства», «культурны праект», якія ўпершыню выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, прадастаўленнем ільгот арганізацыям культуры, а таксама ўдакладненнем механізма прававога рэгулявання дзейнасці ўстаноў адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, парадку правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў, абгрунтаваны і накіраваны на забеспячэнне яснасці і несупярэчлівасці норм дадзенага Закона, іх адпаведнасці нормам прынятых пазней заканадаўчых актаў, што ў цэлым будзе садзейнічаць аптымізацыі заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін у сферы культуры.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што канстытуцыйны абавязак дзяржавы садзейнічаць развіццю культуры на карысць агульных інтарэсаў з’яўляецца часткай прававога механізма ажыццяўлення канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыцці і свабоду мастацкай творчасці. Закон грунтуецца на канстытуцыйным палажэнні аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства (частка першая артыкула 8 Канстытуцыі) і накіраваны на развіццё прававых механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных норм і гарантый, якія датычацца сферы культуры.

Згодна з Канстытуцыяй Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разглядае праекты законаў (пункт 2 часткі першай артыкула 97), а Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў (пункт 1 часткі першай артыкула 98).

Такім чынам, парадак прыняцця Закона адпавядае палажэнням артыкулаў 97–100 Канстытуцыі. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі, прадастаўленай ім Канстытуцыяй.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон не супярэчыць Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Старшынствуючы –
намеснік Старшыні
Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

В.Г.Сяргеева