− 
 − 

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

27 снежня 2013 г. № Р-905/2013

Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Дагавора аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Дагавора аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Ізотку У.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Дагавора аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Дагавора аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2013 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2013 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Дагавор аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай (далей – Дагавор) заключаны ў г. Мінску 1 ліпеня 2013 года.

Рэспубліка Беларусь і Лаоская Народна-дэмакратычная Рэспубліка (далей – Дагаворныя Бакі), абапіраючыся на традыцыі дружалюбных адносін паміж народамі дзвюх краін, дамовіліся развіваць свае адносіны як дружалюбныя дзяржавы, кіруючыся прынцыпамі ўзаемнай павагі, незалежнасці, дзяржаўнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, раўнапраўя і неўмяшання ва ўнутраныя справы, непрымянення сілы і пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак і добрасумленнага выканання міжнародных абавязацельстваў.

У Дагаворы прадугледжваецца, што Дагаворныя Бакі будуць садзейнічаць развіццю сувязей і кантактаў паміж парламентамі і іншымі органамі ўлады дзвюх краін, дапамагаць пашырэнню прамых сувязей і супрацоўніцтва на ўзроўні адміністрацыйных адзінак у межах іх кампетэнцыі, узаемна прадастаўляць рэжым найбольшага спрыяння ў галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і дапамагаць адкрыццю і дзейнасці прадстаўніцтваў знешнегандлёвых арганізацый Дагаворных Бакоў.

У артыкуле 17 Дагавора прадугледжваецца яго ратыфікацыя.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» адным са спосабаў выяўлення абавязковасці міжнароднага дагавора для Рэспублікі Беларусь з’яўляецца яго ратыфікацыя. Згодна з указаным Законам ратыфікацыі падлягаюць у тым ліку міждзяржаўныя дагаворы, у якіх прадугледжана іх ратыфікацыя як адзіны спосаб выяўлення згоды на абавязковасць міжнароднага дагавора (абзац другі артыкула 19); ратыфікацыя міжнародных дагавораў ажыццяўляецца Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь у форме закона (частка першая артыкула 20).

Улічваючы прыведзеныя нормы Закона «О международных договорах Республики Беларусь» і патрабаванне артыкула 17 Дагавора, Канстытуцыйны Суд адзначае, што выяўленне згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе Дагавора ў форме закона аб ратыфікацыі з’яўляецца абгрунтаваным і адпавядае палажэнням артыкулаў 17, 19 і 20 указанага Закона.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Дагавора аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

П.П.Міклашэвіч