− 
 − 

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

26 снежня 2012 г. № Р-789/2012

Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Ізотку У.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 17 снежня 2012 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 20 снежня 2012 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

У Законе вызначаюцца напрамкі дзяржаўнай палітыкі і кампетэнцыя дзяржаўных органаў у сферы выдавецкай справы, асноўныя прынцыпы, мэты і задачы выдавецкай справы, правы і абавязкі выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў, парадак іх дзяржаўнай рэгістрацыі, а таксама адказнасць за парушэнне заканадаўства аб выдавецкай справе.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21).

Згодна з Канстытуцыяй дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці; дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (часткі другая і чацвёртая артыкула 13).

У Законе ўстанаўліваецца, што дзяржаўная палітыка ў сферы выдавецкай справы накіравана на развіццё і падтрымку нацыянальнага кнігавыдання і пашырэнне рынкаў збыту друкаваных выданняў, развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства, стварэнне ўмоў для прыцягнення інвестыцый (артыкул 4); прадугледжваецца, што Прэзідэнт вызначае ўмовы і парадак аказання дзяржаўнай і іншай падтрымкі выдаўцам, вытворцам і распаўсюджвальнікам, у тым ліку шляхам прыняцця мер эканамічнага стымулявання (артыкул 11), у сваю чаргу выдаўцы, вытворцы і распаўсюджвальнікі друкаваных выданняў маюць права самастойна фарміраваць свае вытворчыя планы і вызначаць маштабы сваёй дзейнасці (артыкул 17).

Прымаючы да ўвагі ўказаныя нормы, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб накіраванасці Закона на стварэнне механізмаў рэалізацыі ў выдавецкай справе прыведзеных вышэй канстытуцыйных палажэнняў, што будзе садзейнічаць забеспячэнню правоў і законных інтарэсаў яе суб’ектаў.

2. Канстытуцыяй гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (частка першая артыкула 33), а таксама права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя (частка першая артыкула 34). Кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці, што забяспечваецца ў тым ліку агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах; дзяржава садзейнічае развіццю культуры на карысць агульных інтарэсаў (часткі першая і чацвёртая артыкула 51 Канстытуцыі).

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прававое рэгуляванне, якое ўстанаўліваецца Законам, улічвае неабходнасць рэалізацыі дадзеных канстытуцыйных прадпісанняў у выдавецкай справе.

Так, у Законе ў якасці аднаго з напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы выдавецкай справы замацоўваецца рэалізацыя канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян у галіне атрымання і выкарыстання інфармацыі (абзац другі пункта 1 артыкула 4); да асноўных прынцыпаў выдавецкай справы адносяцца гуманізм і арыентацыя на агульначалавечыя каштоўнасці, зацвярджэнне і папулярызацыя нацыянальных каштоўнасцей (абзац другі артыкула 5), да асноўных мэт – забеспячэнне права на свабоду поглядаў і перакананняў і іх свабоднае выказванне, павышэнне культурнага, інтэлектуальнага і адукацыйнага ўзроўню грамадзян (абзацы другі і чацвёрты пункта 1 артыкула 6), а ў якасці адной з асноўных задач вызначаецца садзейнічанне развіццю інфармацыйнага грамадства (абзац другі пункта 2 артыкула 6).

3. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 7 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. З дадзенага прынцыпу вынікае прынцып прававой дакладнасці, які азначае, што прававое рэгуляванне грамадскіх адносін павінна забяспечваць яснасць, пэўнасць, несупярэчлівасць і ўзаемную ўзгодненасць норм. Фармальная дакладнасць прававых норм служыць аднастайнаму разуменню прававой нормы; палажэнні закона, якія не адпавядаюць указаным патрабаванням, параджаюць супярэчлівую правапрымяняльную практыку, ствараючы магчымасць іх адвольнага прымянення, і тым самым вядуць да парушэння правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, гарантый іх рэалізацыі.

У артыкуле 1 Закона прыводзяцца вызначэнні такіх асноўных тэрмінаў, што прымяняюцца ў ім, як «выдавецкая дзейнасць», «выдавецкая справа», «выдавец друкаванага выдання», «выпуск у свет друкаванага выдання», «дзяржаўная бібліяграфія» і інш. Заканадаўчае вызначэнне выкарыстоўваемых тэрмінаў, як адзначалася ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, садзейнічае адназначнаму іх разуменню і фарміраванню аднастайнай правапрымяняльнай практыкі. Патрабаванням прынцыпу прававой дакладнасці адпавядаюць таксама палажэнні артыкула 34 Закона, якія замацоўваюць для суб’ектаў выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, што дзейнічаюць на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), магчымасць прадаўжэння сваёй дзейнасці пасля ўступлення Закона ў сілу на працягу ўстаноўленага тэрміну без дзяржаўнай рэгістрацыі. Тым самым спрашчаецца выбар норм, якія падлягаюць прымяненню, і папярэджваецца ў правапрымяняльнай практыцы канкурэнцыя нарматыўных прадпісанняў, звязаных з узнікненнем і рэалізацыяй права на ажыццяўленне ўказаных відаў дзейнасці.

4. Законам прадугледжваецца парадак дзяржаўнай рэгістрацыі і перарэгістрацыі выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў у Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў (артыкулы 22–29). Ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці і распаўсюджванне друкаваных выданняў адпаведна выдаўцамі, вытворцамі і распаўсюджвальнікамі, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі, без дзяржаўнай рэгістрацыі забараняецца (пункт 1 артыкула 31 Закона). Права на ажыццяўленне гэтых відаў дзейнасці ўзнікае ў выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў з дня ўключэння іх ва ўказаны Дзяржаўны рэестр. 

Адносна неабходнасці дзяржаўнай рэгістрацыі суб’ектаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у выдавецкай сферы, Канстытуцыйны Суд прытрымліваецца прававой пазіцыі, выкладзенай у рашэнні ад 10 мая 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам осуществления административных процедур». Згодна з дадзенай пазіцыяй устанаўленне правіла аб неабходнасці ўключэння суб’ектаў выдавецкай справы ў Дзяржаўны рэестр і выдачы ім пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці ўмовы, якая дае права на заняцце ўказанымі відамі дзейнасці, адпавядае замацаваным у Канстытуцыі палажэнням аб прадастаўленнi дзяржавай усiм роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантаванні роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці; аб ажыццяўленні рэгулявання эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (часткі другая і пятая артыкула 13).

Рэгістрацыйныя патрабаванні, што прадугледжваюцца ў артыкуле 23 Закона, у прыватнасці аб наяўнасці ў выдаўца спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, які мае вышэйшую адукацыю і здаў кваліфікацыйны экзамен у парадку, устаноўленым Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, закліканы забяспечыць належную якасць выконваемых работ і тым самым накіраваны на абарону правоў і законных інтарэсаў асоб, якія з’яўляюцца спажыўцамі друкаваных выданняў.

5. У артыкулах 25 і 26 Закона, якія вызначаюць падставы для адмовы ў прыняцці заявы аб дзяржаўнай рэгістрацыі суб’ектаў выдавецкай справы, а таксама падставы для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі), прадугледжваецца магчымасць абскарджання прынятага рашэння ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах. Такі падыход будзе садзейнічаць рэалізацыі суб’ектамі выдавецкай справы замацаваных у Канстытуцыі права на зварот у дзяржаўныя органы (артыкул 40) шляхам падачы скаргі ў адпаведнасці з артыкуламі 30–32 Закона Рэспублікі Беларусь «Об основах административных процедур» і права на судовую абарону (артыкул 60).

Разам з тым у Законе не прадугледжваецца магчымасць судовага абскарджання рашэнняў Міністэрства інфармацыі аб прыпыненні і спыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі (артыкулы 32, 33). Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць пры далейшым удасканальванні заканадаўства, якое рэгулюе адносiны ў сферы выдавецкай справы, замацаваць гарантаванае Канстытуцыяй права на судовую абарону і ў такіх выпадках.

6. У прэамбуле адзначаецца, што Законам вызначаюцца асновы выдавецкай справы. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на прававую пазіцыю, сфармуляваную ім у рашэнні ад 30 лістапада 2009 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об основах государственной молодежной политики». Згодна з дадзенай пазіцыяй прыняцце законаў аб асновах прававога рэгулявання грамадскіх адносін апраўдана на пачатковым этапе фарміравання прававой сістэмы дзяржавы, калі існуюць значныя прабелы ў прававым рэгуляванні грамадскіх адносін і неабходна заканадаўчае вызначэнне агульных прынцыпаў і падыходаў такога рэгулявання. У цяперашні час прававая сістэма Рэспублікі Беларусь знаходзіцца на якасна іншым узроўні і патрабуе поўнага і канкрэтнага заканадаўчага рэгулявання ў адпаведнасці з прынцыпамі сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін, устаноўленымі ў артыкуле 7 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» і іншых заканадаўчых актах Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў дадзены перыяд сфарміраваліся ўмовы для поўнага і канкрэтнага прававога рэгулявання выдавецкай справы законам.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

П.П.Міклашэвіч