− 
 − 

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

24 кастрычніка 2013 г.Р-852/2013

Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінетам Міністраў Украіны аб пункце стыку дзяржаўных граніц Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Польшча і Украіны»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінетам Міністраў Украіны аб пункце стыку дзяржаўных граніц Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Польшча і Украіны».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінетам Міністраў Украіны аб пункце стыку дзяржаўных граніц Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Польшча і Украіны» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінетам Міністраў Украіны аб пункце стыку дзяржаўных граніц Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Польшча і Украіны» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 кастрычніка 2013 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 кастрычніка 2013 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Закон з’яўляецца актам аб выражэнні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінетам Міністраў Украіны аб пункце стыку дзяржаўных граніц Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Польшча і Украіны (далей – Пагадненне), падпісанага ў г. Луцку 14 сакавіка 2013 года ў мэтах вызначэння месца знаходжання і абазначэння пункта стыку дзяржаўных граніц указаных краін.

У Пагадненні вызначаюцца месца знаходжання пункта стыку дзяржаўных граніц вышэйназваных краін адносна геаграфічных аб’ектаў (пункт 1 артыкула 1), пагранічны знак для абазначэння на мясцовасці пункта стыку граніц (пункт 1 артыкула 2), а таксама прадугледжваецца стварэнне Сумеснай беларуска-польска-ўкраінскай камісіі з мэтай абазначэння пункта стыку граніц на мясцовасці, падрыхтоўкі і падпісання дэмаркацыйных дакументаў (пункт 2 артыкула 2).

Згодна з Пагадненнем месца знаходжання пункта стыку дзяржаўных граніц паказана на Дэлімітацыйнай карце стыку дзяржаўных граніц Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Польшча і Украіны, якая з’яўляецца неад’емнай часткай Пагаднення (пункт 2 артыкула 1).

Такім чынам, Пагадненне з’яўляецца міжурадавым дагаворам аб тэрытарыяльным размежаванні Рэспублікі Беларусь з іншымі дзяржавамі.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» ратыфікацыі падлягаюць міжурадавыя дагаворы аб тэрытарыяльным размежаванні Рэспублікі Беларусь з іншымі дзяржавамі (абзац пяты артыкула 19); ратыфікацыя міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь у форме закона (частка першая артыкула 20).

У сувязі з гэтым выражэнне згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе Пагаднення ў форме закона аб ратыфікацыі з’яўляецца абгрунтаваным.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінетам Міністраў Украіны аб пункце стыку дзяржаўных граніц Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Польшча і Украіны» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

П.П.Міклашэвіч