− 
 − 

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

24 чэрвеня 2011 г.Р-615/2011

Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 25 мая 2011 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 17 чэрвеня 2011 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы забеспячэння захаванасці гістарычна-культурнай і духоўнай спадчыны, з улікам сучасных патрабаванняў развіцця музейнай справы.

У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі, якія ўносяцца ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» (далей – Закон аб музеях), устанаўліваецца парадак ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь (далей – Музейны фонд); даецца новае азначэнне тэрміна «музей», у якім змяшчаецца канкрэтны пералік відаў музейнай дзейнасці, што павінен ажыццяўляць музей; удакладняюцца тэрміны, у тым ліку «музейны прадмет», «музейны фонд», «прадмет музейнага значэння»; замацоўваюцца новыя падыходы да рэгулявання міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы музейнай справы; упершыню атрымалi заканадаўчае забеспячэнне дзейнасць Рэспубліканскай рады дырэктараў музеяў, дзейнасць музеяў пад адкрытым небам і інш.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

1. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21 Канстытуцыі); кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці, якое забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, што знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў (частка першая артыкула 51 Канстытуцыі).

На стварэнне неабходных механізмаў рэалізацыі ўказаных канстытуцыйных норм накіраваны рад палажэнняў Закона. Так, згодна з пунктам 9 артыкула 1 Закона музейная дзейнасць ажыццяўляецца музеямі ў мэтах забеспячэння агульнадаступнасці культурных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай спадчыны, інтэлектуальнага і культурнага развіцця грамадства, у тым ліку распаўсюджвання ведаў аб навакольным асяроддзі, гісторыі і культуры (пункт 1 артыкула 12 Закона аб музеях).

З мэтай пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне музейнай справы і ўстаранення перашкод для арганізацыі выставак з фондаў замежных музеяў у пункце 4 артыкула 1 Закона прадугледжваецца прадастаўленне з боку дзяржавы гарантыйных абавязацельстваў па захаванасці і своечасоваму вяртанню музейных прадметаў, якія ўвозяцца ў Рэспубліку Беларусь у сувязі з арганізацыяй міжнародных музейных выставак (артыкул 6 Закона аб музеях).

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўказанымі нормамі Закона забяспечваецца агульнадаступнасць у Рэспубліцы Беларусь каштоўнасцей як айчыннай, так і сусветнай культуры. Тым самым рэалізуецца канстытуцыйнае права кожнага на ўдзел у культурным жыцці.

2. Згодна з артыкулам 15 Канстытуцыі дзяржава адказная за захаванне гістарычна-культурнай і духоўнай спадчыны. На рэалізацыю гэтай нормы накіраваны палажэнні артыкула 1 Закона, якія ўстанаўліваюць, у прыватнасці, формы ажыццяўлення дзяржаўнага кантролю за выкананнем заканадаўства аб музеях і Музейным фондзе (пункт 5), улічваюць спецыфіку функцыяніравання музеяў пад адкрытым небам (пункт 13), прадугледжваюць уключэнне музейных прадметаў у Музейны фонд, іх улік і выключэнне з гэтага фонду (пункт 17), а таксама меры забеспячэння цэласнасці і захаванасці музейных прадметаў і музейных калекцый пры ліквідацыі дзяржаўнага музея (абзацы пяты–дзявяты пункта 7).

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што разам з адказнасцю дзяржавы перад грамадствам за захаванне гістарычна-культурнай і духоўнай спадчыны ў Канстытуцыі замацаваны абавязак кожнага берагчы гістарычна-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці (артыкул 54). Напрыклад, на забеспячэнне захаванасці асабліва каштоўных музейных прадметаў накіравана палажэнне пункта 17 артыкула 1 Закона, якое ўстанаўлівае, што ўладальнікі такіх музейных прадметаў абавязаны прадстаўляць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь або ва ўпаўнаважаную ім арганізацыю звесткі аб гэтых музейных прадметах (пункт 3 артыкула 23 Закона аб музеях).

Уключаныя ў Музейны фонд музейныя прадметы маюць культурнае, гістарычнае, навуковае або мастацкае значэнне і складаюць духоўную спадчыну Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым палажэнні, якія прадугледжваюцца Законам, аб абавязку не толькі дзяржавы, але і кожнага члена грамадства захоўваць яе адпавядаюць канстытуцыйным нормам.

3. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8 Канстытуцыі).

Пункт 9 артыкула 1 Закона, згодна з якім артыкул 12 «Музейная дзейнасць» Закона аб музеях выкладаецца ў новай рэдакцыі, прадугледжвае, у прыватнасці, такія віды музейнай дзейнасці, як культурна-адукацыйная дзейнасць, звязаная з музейнымі прадметамі, музейнымі калекцыямі і нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі адпаведна профілю (профілям) музея, вывучэнне і папулярызацыя нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, што адпавядае падыходам, замацаваным у канвенцыях ЮНЕСКА аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ад 16 лістапада 1972 года і аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ад 17 кастрычніка 2003 года, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.

4. У артыкуле 11 Канстытуцыі прадугледжана, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі.

З улікам указанай канстытуцыйнай нормы ў Законе вызначаецца, што музеі, якія поўнасцю або часткова фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, прадастаўляюць наведвальнікам права бясплатнага наведвання экспазіцый і выставак, створаных на аснове ўласных музейных экспанатаў, не радзей чым адзін раз у месяц (пункт 3 артыкула 1), тады як раней гэта льгота прадастаўлялася толькі грамадзянам Рэспублікі Беларусь.

5. Аналіз зместу норм Закона, якімі ўдакладняюцца асобныя тэрміны, уносяцца змяненні ў некаторыя артыкулы Закона аб музеях з мэтай узгаднення іх з палажэннямі рада іншых актаў заканадаўства, сведчыць аб тым, што яны забяспечваюць дакладнасць, яснасць, недвухсэнсоўнасць заканадаўчага рэгулявання і тым самым узмацняюць гарантыі абароны канстытуцыйных правоў і свабод, сцвярджаюць прынцып вяршэнства права, папярэджваюць супярэчлівую правапрымяняльную практыку.

Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што раней у радзе рашэнняў (ад 6 ліпеня 2010 г., ад 6 мая 2011 г. і інш.) ім звярталася ўвага заканадаўца на неадпаведнасць разгледжаных у парадку абавязковага папярэдняга кантролю законаў патрабаванням пункта 30 Правілаў падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 «О мерах по совершенствованию нормотворческой деятельности», згодна з якімі, калі колькасць уносімых у дзеючую рэдакцыю змяненняў і (або) дапаўненняў складае больш за палавіну тэксту акта, неабходна падрыхтоўка акта ў новай рэдакцыі.

Паколькі ў адпаведнасці з Законам 8 артыкулаў Закона аб музеях з 29 артыкулаў выкладаецца ў новай рэдакцыі, у 3 артыкулах у новай рэдакцыі прыводзяцца асобныя пункты, у 8 артыкулаў уносяцца змяненні і (або) дапаўненні, уводзяцца 3 новыя артыкулы, было б абгрунтаваным выкласці дадзены нарматыўны прававы акт у цэлым у новай рэдакцыі.

Указанае не ўплывае на агульны вывад аб канстытуцыйнасці Закона.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках кампетэнцыі ў адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта і парадку яго прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

П.П.Міклашэвіч