− 
 − 

РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

28 красавіка 2012 г.Р-703/2012

Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Ізотку У.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 12 красавіка 2012 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 красавіка 2012 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Дапаўненні і змяненні, якія прадугледжваюцца Законам, датычацца пытанняў выяўлення і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей, кантролю іх захавання і выкарыстання, рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, фінансавання дзейнасці па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама правоў і абавязкаў уласніка (уладальніка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

1. Згодна з артыкулам 15 Канстытуцыі дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. У артыкуле 54 Канстытуцыі прадугледжаны абавязак кожнага берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.

Дадзеныя канстытуцыйныя палажэнні выступаюць гарантыямі рэалізацыі права кожнага на ўдзел у культурным жыцці, а таксама забеспячэння агульнадаступнасці каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах (частка першая артыкула 51 Канстытуцыі).

У міжнародна-прававых актах, у тым ліку канвенцыях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры «Об охране всемирного культурного и природного наследия» ад 16 лістапада 1972 года, «Об охране нематериального культурного наследия» ад 17 кастрычніка 2003 года, а таксама Пагадненні аб вывазе і ўвозе культурных каштоўнасцей ад 28 верасня 2001 года, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, пытанні аховы культурных каштоўнасцей рэгулююцца з улікам таго, што ўсе культурныя каштоўнасці – частка агульнай культурнай спадчыны чалавецтва і што кожная дзяржава прызнае абавязацельствы па выяўленню, ахове, папулярызацыі і перадачы будучым пакаленням культурнай і прыроднай спадчыны, размешчанай на яе тэрыторыі.

Аналіз Закона ў цэлым дазваляе зрабіць вывад аб яго накіраванасці на ўдасканальванне заканадаўчага рэгулявання адносін у галіне аховы і выкарыстання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, далейшае забеспячэнне агульнадаступнасці каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, рэалізацыю канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыцці.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што змест норм Закона, якія вызначаюць у тым ліку парадак унясення прапаноў аб уключэнні гісторыка-культурных каштоўнасцей у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, Спіс сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай, захавання нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, часовага вывазу за межы Рэспублікі Беларусь рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (пункты 2–4, 9, 19, 22 артыкула 1), адпавядае палажэнням міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь у сферы аховы культурных каштоўнасцей.

2. У частцы другой артыкула 44 Канстытуцыі прадугледжваецца права ўласніка валодаць, карыстацца і выкарыстоўваць маёмасць як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі, а таксама палажэнне аб тым, што недатыкальнасць уласнасці ахоўваецца законам.

Разам з тым у частцы шостай указанага артыкула Канстытуцыі ўстаноўлена, што ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці, наносіць шкоды гісторыка-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб. Дадзенай норме адпавядаюць абмежаванні права ўласнасці, якія ўстанаўліваюцца ў Законе (пункты 3, 4, 27 артыкула 1). Гэтыя абмежаванні звязаны з выдачай дазволу на часовы вываз за мяжу Рэспублікі Беларусь рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, забаронай уласніку (уладальніку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, уладальніку зямельнага ўчастка, на якім размешчаны помнік археалогіі, дапускаць прычыненне шкоды і змяненне гісторыка-культурнай каштоўнасці, выконваць работы на гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці і (або) у зонах аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці без дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (за выключэннем работ па забеспячэнню належнага тэхнічнага і санітарнага стану гісторыка-культурнай каштоўнасці), а таксама забаронай адчужаць або перадаваць іншым чынам права ўласнасці на гісторыка-культурную каштоўнасць без узгаднення з абласным (Мінскім гарадскім) выканаўчым і распарадчым органам.

Канстытуцыйны Суд лічыць дапушчальнымі ўказаныя абмежаванні як абмежаванні, якія адпавядаюць патрабаванням артыкула 23 Канстытуцыі, паколькі яны прадугледжаны законам, з’яўляюцца сацыяльна апраўданымі ў сувязі з тым, што накіраваны на дасягненне канстытуцыйна значных мэт, звязаных з забеспячэннем правоў і свабод іншых асоб у сферы культурнага жыцця, і не скажаюць сутнасці канстытуцыйнага права ўласнасці.

3. Змест норм Закона сведчыць аб тым, што яны заснаваны на канстытуцыйных палажэннях аб адказнасці дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, аб абавязку кожнага берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці, аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства, аб канстытуцыйных гарантыях права ўласнасці.

Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што асобныя палажэнні Закона не адпавядаюць патрабаванням прававой дакладнасці як аднаму з элементаў прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі).

Пунктам 28 артыкула 1 Закона артыкул 53 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» дапаўняецца пунктам 4, у якім прадугледжваецца магчымасць прымусовага спынення права ўласнасці (права валодання) на матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць, якая ўтрымліваецца безгаспадарна. Такая гісторыка-культурная каштоўнасць па рашэнню суда можа быць перададзена ў дзяржаўную ўласнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Указаная норма Закона не ў поўнай меры адпавядае артыкулу 49 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», які прадугледжвае, што падставы ўзнікнення і парадак ажыццяўлення права ўласнасці на гісторыка-культурныя каштоўнасці, парадак выкупу гісторыка-культурных каштоўнасцей, што ўтрымліваюцца безгаспадарна, вызначаюцца дадзеным Законам і грамадзянскім заканадаўствам, і артыкулу 241 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), які ўстанаўлівае, што культурныя каштоўнасці, якія ўтрымліваюцца безгаспадарна, па рашэнню суда могуць быць забраны ва ўласніка шляхам выкупу дзяржавай або продажу з публічных таргоў. Такая няўзгодненасць прававых норм параджае недакладнасць у рэгуляванні і можа прыводзіць да супярэчлівай правапрымяняльнай практыкі.

У частцы трэцяй пункта 2 артыкула 3 ГК устаноўлена, што нормы грамадзянскага права, якія змяшчаюцца ў іншых законах, павінны адпавядаць гэтаму Кодэксу, а ў выпадку разыходжання ўказаных актаў з дадзеным Кодэксам дзейнічае апошні. Грунтуючыся на патрабаваннях прыведзеных норм, Канстытуцыйны Суд лічыць, што прымяненне палажэнняў Закона аб прымусовым спыненнi права ўласнасці (права валодання) на матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць, якая ўтрымліваецца безгаспадарна, павінна ажыццяўляцца з улікам норм артыкула 241 ГК, і звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць забеспячэння ўзгодненасці норм законаў пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання гэтых адносін.

Згодна з Канстытуцыяй Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разглядае праекты законаў (пункт 2 часткі першай артыкула 97), а Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў (пункт 1 часткі першай артыкула 98).

Такім чынам, парадак прыняцця Закона адпавядае палажэнням артыкулаў 97–100 Канстытуцыі. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі, прадастаўленай ім Канстытуцыяй.

Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон не супярэчыць Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Звярнуць увагу заканадаўца на неабходнасць забеспячэння ўзгодненасці норм Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» у частцы прымусовага спынення права ўласнасці (права валодання) на матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць, якая ўтрымліваецца безгаспадарна, з адпаведнымі палажэннямі Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання адносін у галіне гісторыка-культурнай спадчыны.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Старшынствуючы –
намеснік Старшыні
Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

В.Г.Сяргеева