РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

29 кастрычніка 2009 г. № Р-370/2009

Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Рамачнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Рамачнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Рамачнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей», Закона Рэспублікі Беларусь «Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь», іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, якія маюць дачыненне да разглядаемага пытання, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Рамачнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8 кастрычніка 2009 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 22 кастрычніка 2009 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Закон з’яўляецца актам аб выражэнні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе Рамачнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей (далей – Рамачнае пагадненне), якое падпісана ў г. Мінску 18 снежня 2008 года з мэтай пашырэння тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Еўрапейскай супольнасці.

У адпаведнасці з абзацам трэцім артыкула 19 Закона «Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь» ратыфікацыі падлягаюць міждзяржаўныя і міжурадавыя дагаворы, якія ўстанаўліваюць іншыя правілы, чым тыя, што змяшчаюцца ў законах Рэспублікі Беларусь, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У Рамачным пагадненні прадугледжваюцца, у прыватнасці, іншыя правілы абкладання мытнымі пошлінамі і зборамі, дакументальнага афармлення ўвозу, набыцця і выкарыстання замежнай валюты, атрымання экспертамі і членамі іх сем’яў вадзіцельскіх пасведчанняў, чым тыя, якія замацаваны адпаведна ў Мытным кодэксе Рэспублікі Беларусь, законах Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» і «Аб дарожным руху». У сувязі з гэтым выражэнне згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе Рамачнага пагаднення ў форме закона аб ратыфікацыі з’яўляецца абгрунтаваным.

Па свайму зместу Закон не супярэчыць Канстытуцыі.

Па форме нарматыўнага прававога акта Закон адпавядае патрабаванням пункта 2 часткі першай артыкула 97 і часткі першай артыкула 104 Канстытуцыі, часткі першай артыкула 15 і часткі першай артыкула 16 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь».

Парадак прыняцця Закона адпавядае палажэнням артыкулаў 97–100 Канстытуцыі.

Суб’екты заканадаўчага працэсу пры прыняцці Закона дзейнічалі ў межах кампетэнцыі, замацаванай артыкуламі 97–99 Канстытуцыі.

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта, парадку яго прыняцця, а таксама з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі пры прыняцці акта Закон адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Рамачнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь

П.П.Міклашэвіч